Аналітычная запіска «Ліберальнага клуба» № 16/2013

Вадзім Мажэйка

Як было згадана ў папярэдняй аналітычнай запісцы, існуючы на стадыі грамадскага абмеркавання праект Кодэкса аб культуры (далей – КаК) па сутнасці прапануе розныя рэформы – як добрыя, так і не – для існуючай дзяржаўнай сістэмы кіравання культурай.Кодэкс не ўтрымлівае адзінай і выразнай палітыкі ў сферы культуры, ды і са становішчам культурных каштоўнасцяў усё складана. Тым не менш у КаК гаворка ідзе пра дастаткова сур'ёзныя рэформы ў розных сферах – ад бібліятэк і да начных клубаў.

Што ж канкрэтна зменіць КаК?

Культурная дзейнасць і мерапрыемствы: свабода пад наглядам

Згодна з арт.153, «суб'екты культурнай дзейнасцi, якiя распаўсюджваюць i (або) папулярызуюць вынiкi культурнай дзейнасцi, маюць права самастойна» вызначаць усё, што яны робяць. Праўда, з агаворкай: «правядзенне культурных мерапрыемстваў у спецыяльна не прызначаных для гэтай мэты месцах пад адкрытым небам цi ў памяшканнях ажыццяўляецца з улiкам заканадаўства аб масавых мерапрыемствах». Тое ж самае сказана і ў арт.232 аб культурных мерапрыемствах.

Такім чынам, выходзіць, што трэба атрымліваць афіцыйны дазвол на кватэрнікі ці канцэрты ў лесе? А за незарэгістраваную вечарыну з сябрамі можна будзе атрымаць 15 сутак?..

Арт.154 «Свабода культурнай дзейнасці» выдатна дэкларуе забарону на «ўмяшанне дзяржаўных органаў (арганiзацый), iх службовых асоб, юрыдычных i фiзiчных асоб у працэс стварэння i (або) выканання суб'ектамi культурнай дзейнасцi вынікаў культурнай дзейнасці з мэтай вызначыць змест культурнай дзейнасцi i (або) уздзейнiчаць на яе вынiкi». Праўда, па арт.155 «культурная дзейнасць можа быць абмежавана», калі заклікае да звяржэння ўлады, прапагандуе вайну, расавую і рэлігійную нецярпімасць і г.д.. Сярод цікавых момантаў – забарона на абразу прэзідэнта (што і так існуе ў выглядзе арт.368 КК РБ) і забарона на культурную дзейнасць, якая «можа нанесці шкоду здароўю і маральнасці чалавека».

Ці можа што-небудзь прычыніць шкоду маральнасці якога-небудзь чалавека – гэтае пытанне абсалютна не прадугледжвае адназначнага юрыдычнага адказу. Адпаведна, ёсць верагоднасць, што такія меры забароны могуць ужывацца не па прызначэнні і не на карысць культуры.

Згодна з арт.234, на культурным мерапрыемстве забаронена «карыстацца сцягамі, вымпеламі, не зарэгістраванымі ва ўстаноўленым парадку, а таксама эмблемамі, сімваламі, плакатамі і транспарантамі, змест якіх накіраваны на прычыненне шкоды грамадскаму парадку, правам і законным інтарэсам грамадзян». Але ж няясна, хто і якім чынам будзе на месцы праводзіць экспертызу зместу ўсіх гэтых прадметаў. Такая норма выглядае залішне палітызаванай і слаба звязанай з патрэбамі сферы культуры. Ёсць сумневы і ў выканальнасці забароны «знаходзіцца ў стане алкагольнага, наркатычнага або таксічнага ап'янення». Атрымліваецца, пасля ўступлення ў сілу КаК начныя клубы павінны будуць выганяць з канцэртаў усіх, хто набудзе алкаголь у іх жа бары.

Бібліятэчная справа: парады незалежных экспертаў папулярныя?

Пры чытанні главы 18 «Бібліятэчная справа» ствараецца ўражанне, што яе аўтар перад працай над тэкстам добра азнаёміўся з артыкуламі вашага пакорлівага слугі па бягучай сітуацыі ў бібліятэках Беларусі і па іх рэфармаванні. І хоць у КаК ўлічаны не ўсе прапановы (у прыватнасці, пра трансфармацыю бібліятэк у сацыякультурныя цэнтры), аднак глава ўсё роўна выглядае найбольш поўнай і выклікае менш за ўсё нараканняў.

Згодна з арт.156, «асноўнымі прынцыпамі арганізацыі бібліятэчнай справы з'яўляюцца «рацыянальнае і аптымальнае размяшчэнне сеткі бібліятэк у адпаведнасці з дэмаграфічным складам насельніцтва і з улікам развіцця асобных рэгіёнаў і галін вытворчасці; узаемадзеянне бібліятэк і ўзаемавыкарыстанне інфармацыйных рэсурсаў; дзяржаўна-грамадскі характар кіравання бібліятэчнай справай». Гучыць вельмі добра. Але, на вялікі жаль, няясна, як усё гэта будзе суадносіцца з дзяржпраграмай «Культура Беларусі», якая уступленнем у сілу КаК не адмяняецца і ідзе дакладна процілеглым шляхам, пагаршаючы існуючыя праблемы.

У арт.168 наўпрост гаворыцца пра тое, што ўзаемадзеянне бібліятэк па фарміраванні і выкарыстанні бібліятэчных фондаў павінна адбывацца незалежна ад іх ведамаснай падпарадкаванасці. А ў арт.171 сказана, што «бібліятэкі ўдзельнічаюць у стварэнні адзінай аўтаматызаванай інфармацыйна-бібліятэчнай сістэмы (АІБС) на аснове дзяржаўных стандартаў апрацоўкі дакументаў і абмену данымі». Усе гэтыя палажэнні гучаць вельмі аптымістычна. Застаецца толькі спадзявацца, што так яны і рэалізуюцца на практыцы.

Музейная справа і народнае мастацтва: місія і фінансавая падтрымка

Згодна з арт.180 «Місія музея», «музей ажыццяўляе дзейнасць у адпаведнасці з місіяй музея. Пад місіяй музея разумеецца грамадскае прызначэнне музея як сацыяльнага інстытута, сфарміраванае зыходзячы з галоўных мэтаў дзейнасці музея, яго ролі, грамадскай сутнасці, прынцыпаў яго функцыянавання, накіраванае на стварэнне культуры сучаснасці і будучыні на аснове ажыццяўлення відаў музейнай дзейнасці». Усё гэта варта толькі вітаць, калі б не адно «але»: чаму ж місія ў КаК згадваецца толькі адносна музея (і адсутнічае, напрыклад, у тых жа бібліятэк)?

Народнаму мастацтву абяцаюць грошы – па арт.213 «арганізацыі нарoдных мастацкіх прoмыслаў (рамёстваў) і іх асноўныя вытворчыя падраздзяленні (цэхі, участкі, брыгады), занятыя выпускам вырабаў народных мастацкіх промыслаў (рамёстваў), забяспечваюцца фінансавай і іншымі відамі дзяржаўнай падтрымкі», а арт.216 дае падобныя перавагі асобным майстрам народнага мастацтва.

Тут важна адзначыць, што хоць клопат пра нацыянальную народную культуры і добры, аднак прамая фінансавая дапамога не дае гарантый, што яна рэальна дапаможа запатрабаванаму і якаснаму мастацтву. Для такіх мэтаў дзяржаве больш эфектыўна выкарыстоўваць інструмент падатковых ільгот, а таксама ствараць максімальна зручныя і простыя ўмовы для дзейнасці. У такім выпадку, дарэчы, на бяздзейнасць уладаў не праходзіць стандартная адгаворка: маўляў, усё добра і правільна, проста ў нас няма, на жаль, грошай.

У цэлым жа варта адзначыць, што гэтыя дзве часткі КаК напісаныя даволі нядрэнна.

Кінематаграфічная дзейнасць: Ленін ўсё яшчэ ў галаве

Згодна з арт.223, «дзяржаўная палітыка ў галіне кінематаграфіі засноўваецца на прынцыпах: дзяржаўнай падтрымкі і стымулявання развіцця кінематаграфіі, … папулярызацыі нацыянальных фільмаў і фільмаў у рамках сацыяльна-творчага заказа, а таксама лепшых узораў беларускага і сусветнага кінамастацтва, … фарміравання і развіцця канкурэнтнага творчага асяроддзя, у тым ліку шляхам адбору на конкурснай аснове кінапраектаў на вытворчасць нацыянальных фільмаў і фільмаў у рамках сацыяльна-творчага заказа, … стварэння ўмоў для прыцягнення сродкаў юрыдычных і фізічных асоб, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, для фінансавання кінематаграфіі».

На жаль, усе гэтыя (быццам бы нядрэнныя) прапановы не новыя і не спрыяюць змене сумнай сітуацыіі, якая склалася сёння ў беларускім кінематографе.

Па арт.224, дзяржаўная падтрымка кінематаграфіі, акрамя таго, што ўжо было вядома і прааналізавана раней, уключае ў сябе цікавае прадастаўленне льгот «юрыдычным асобам, якія ажыццяўляюць ў якасці асноўнага віда дзейнасці кінематаграфічную дзейнасць (далей – арганізацыі кінематаграфіі), індывідуальным прадпрымальнікам, якія ажыццяўляюць кінематаграфічную дзейнасць; прадастаўленне льгот юрыдычным і фізічным асобам, у тым ліку індывідуальным прадпрымальнікам, якія аказваюць бязвыплатную (спонсарскую) дапамогу арганізацыям кінематаграфіі, індывідуальным прадпрымальнікам, якія ажыццяўляюць кінематаграфічную дзейнасць».

Усё гэта выдатна, аднак паўстае відавочны пытанне – а чаму ўсё гэта актуальна толькі для кіно? У Леніна яно, вядома, «найважнейшае з мастацтваў», аднак чаму гэта ж становішча захоўваецца і ў сучаснай незалежнай Беларусі?

Чаму б у мэтах падтрымкі культуры не даць падатковыя ільготы ўсім асобам і арганізацыям, якія займаюцца культурнай дзейнасцю? А ільготы для кінаспонсараў відавочна неабходна ўносіць у арт. 69 і арт.70, якія датычацца наогул усіх спонсараў і мецэнатаў культуры.

Арт.228 «Нацыянальны фільм» выпраўляе сітуацыю, якую ваш пакорны слуга разглядаў у артыкулах па спасылках вышэй. Раней беларускім нацыянальным фільмам можна было (пры пэўных умовах) фармальна прызнаць хоць «Унесеных ветрам». Цяпер жа для прызнання фільма нацыянальным неабходна, сярод іншага, каб «вытворцам фільма (прадзюсерам) або адным з вытворцаў фільма (прадзюсераў) з'яўлялася юрыдычная асоба Рэспублікі Беларусь, пры гэтым атрымальнікам сродкаў з'яўляецца рэзідэнт Рэспублікі Беларусь; работы і паслугі ў рамках вытворчасці фільма ажыццяўляюцца рэзідэнтамі Рэспублікі Беларусь на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь».

Варта было б узрадвацца, аднак артыкул уключае ў сябе і раптоўнае палажэнне аб тым, што «рашэнне пра вытворчасць нацыянальнага фільма прымаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь». Для чаго неабходна асабістае ўмяшанне кіраўніка краіны ў адну з галін культуры (а ў іншыя пры гэтым не трэба) – не зусім зразумела.

Начныя клубы: далоў фэйскантроль!

З аднаго боку, па арт.254 «Юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія арганізуюць правядзенне дыскатэк і (або) ажыццяўляюць дзейнасць культурна-забаўляльных (начных) клубаў, маюць права зацвярджаць правілы правядзення дыскатэк і (або) ажыццяўлення дзейнасці культурна-забаўляльных (начных) клубаў» (у прыватнасці, на гэта часцей за ўсё і спасылаюцца пры правядзенні фэйскантроля). Аднак, па тым жа артыкуле начныя клубы павінны «не дапускаць дыскрымінацыі ў адносінах да наведвальнікаў», а наведвальнікі маюць права «наведваць дыскатэку, культурна-забаўляльны (начны) клуб незалежна ад полу, расы, мовы, рэлігійных, палітычных або іншых перакананняў, нацыянальнасці, сацыяльнага паходжання, маёмаснага, службовага становішча і іншых абставін». Такім чынам, ствараецца прававая блытаніна, якая ў адным артыкуле фактычна і дазваляе, і забараняе фэйскантроль. Улічваючы спецыфіку стану наведвальнікаў начных клубаў і прафесіяналізм беларускіх ахоўнікаў, варта чакаць непрыемных інцыдэнтаў.

І калі гэта ўсё запрацуе?

Зараз павінны быць падведзеныя вынікі грамадскага абмеркавання КаК, пасля чаго ён накіруецца ў парламент (і не факт, што будзе прыняты там з першай спробы).

Пасля гэтага КаК будзе афіцыйна апублікаваны, і, згодна з арт.270, за 6 месяцаў пасля апублікавання КаК Саўмін «забяспечыць прывядзенне актаў заканадаўства ў адпаведнасць з гэтым Кодэксам» і прыме «іншыя меры, неабходныя для рэалізацыі палажэнняў гэтага Кодэкса».

Згодна з апошнім артыкулам, 271, «Кодэкс уступае ў сілу праз шэсць месяцаў пасля яго афіцыйнага апублікавання, за выключэннем гэтага артыкула і артыкула 274 гэтага Кодэкса, якія ўступаюць у сілу з дня афіцыйнага апублікавання гэтага Кодэкса».

Па логіцы, пад арт.274 меўся на ўвазе арт. 270.. Гэта яшчэ раз паказвае, наколькі «сырым» КаК быў прадстаўлены грамадскасці. Застаецца спадзявацца, што недахопы Кодэкса будуць ліквідаваны на розных этапах яго падрыхтоўкі, а добрыя навацыі ў ім захаваюцца. «Ліберальны клуб» будзе сачыць за развіццём падзей.