Дыскусійныя матэрыялы “Ліберальнага клуба”

Яўген Прэйгерман

Гэты матэрыял з’яўляецца працягам дыскусіі, якую мы распачалі ў папярэднім артыкуле «Все гораздо сложнее, чем кажется либералам!» как центральный аргумент против идей свободы» і падчас мерапрыемства «Определимся с понятиями: что значит «быть либералом» и как не запутаться в терминах?». Ён таксама працягвае адказ нацыянал-кансэрватару Андрэю Старжынскаму на яго блогавы запіс.

Каша ў галовах

Ад самагу пачатку абазначым галоўны тэзіс. Падаецца, што цэнтральная праблема палягае ў тым, што ў грамадстве абсалютна адсутнічае нейкае больш-менш адзінае і грунтоўнае разуменне тэрміну “лібералізм”. Кожны пад ім разумее, што хоча. А апаненты ідэй свабоды вельмі ўдала гэтым карыстаюцца. І яшчэ больш гэтую праблему раздзімаюць, называючы лібералізмам то карупцыю сярэдзіны 1990-х гг. у Расіі, то сацыялістычную палітыку ў краінах Еўразвязу.

Праблема тэрміналагічнай кашы ў галовах, дарэчы, уласцівая не толькі лібералізму. Ад яе пакутаюць і іншыя ідэалогіі. І тут сапраўды актуальна пытанне галоўнага рэдактара расійскага часопіса “Эксперт” Валерыя Фадзеева: “Што ж мы ўсе ключавыя светапогляды абгадзілі?”

Але ж рэпутацыяй іншых ідэалогій хай займаюцца іх прыхільнікі. Для нас жа важна спыніць тэрміналагічныя здзекі менавіта з ідэй свабоды.

Галоўныя пытанні ліберала

Пра асноўныя прынцыпы лібералізму мы ўжо разважалі ў папярэднім матэрыяле. Спіс гэтых прынцыпаў, вядома, няпоўны і можа дапаўняцца больш дэталёвымі пунктамі. Да таго ж, пры паглыблёным аналізе паўстаюць розныя тэарэтычныя і практычныя пытанні паміж самімі гэтымі прынцыпамі. Але ж пэўны каштоўнасны базіс мы вызначылі.

Гэтым разам прапануем яшчэ адзін дадатковы крытэр, які дапамагае адрозніваць лібералізм ад іншых светапоглядаў, а лібералаў ад іх ідэалагічных апанентаў.

Ліберал заўсёды задае два пытанні:

  1. Хто і на якой падставе прымае рашэнне?

  2. Хто за гэтае рашэнне плоціць?


Лібералы гэтак жа, як і ўсе нармальныя людзі, хацелі б бачыць усіх і кожнага на нашай планеце заможнымі і шчаслівымі. Гэтак жа хацелі б, каб кожны чалавек быў забяспечаны якаснымі медыцынскімі паслугамі, атрымліваў выдатную адукацыю, зарабляў добрыя грошы на камфортным працоўным месцы. Нават каб у кожнага чалавека быў доступ да хуткага інтэрнэт-спалучэння.

Але ж калі не ставіць гэтыя два пытанні, то, як паказвае сусветная гісторыя, нічога гэтага ў людзей не будзе. Так, нешта будзе ва ўсіх, а ў асобных прадстаўнікоў ці ўлады, ці алігархата будзе ўсё і адразу. Але ж вось гэтае нешта ў большасці людзей будзе нізкай якасці і ў неадпаведнай рэальнай патрэбе колькасці.

Лібералы лічаць, што лепшыя вынікі ў плане забеспячэння дабрабыту людзей дасягаюцца, калі рашэнні адносна свайго жыцця прымае сам індывід. Ці ў выключных выпадках нехта іншы (напрыклад, той жа ўрад), але ж у строга вызначаных невялікіх рамках і на падставе ўсім зразумелых крытэрыяў. Логіка тут вельмі простая: ніякі дзяржаўны кіраўнік ці нават кампутарная праграма цэнтралізавана не могуць улічыць усіх патрэбаў індывідаў. Калі нехта намагаецца гэта рабіць, то вынік заўсёды аднолькавы – цэнтралізаванае навязванне грамадству волі аднаго чалавека (ці, напрыклад, нейкага палітбюро альбо царквы).

Таксама лібералы лічаць, што лепшыя вынікі ў эканоміцы і сацыяльнай сферы дасягаюцца тады, калі за рашэнні па сваёй волі плоціць сам індывід ці група індывідаў, якія заключаюць пагадненне паміж сабой. А калі за рашэнні плоціць урад, які праз падаткі і іншыя паборы забірае грошы ў грамадзянаў, то звычайна паўстаюць тры наступствы.

Па-першае, грошы трацяцца неэфектыўна: яны не забяспечваюць патрэбу так і ў той прапорцыі, у якой яна рэальна існуе ў грамадстве. Па-другое, калі праз дзяржаўныя рукі праходзяць вялікія грошы, непазбежна паўстае выдатная глеба для карупцыі. Нарэшце, калі плоціць дзяржава, то ў людзей збіваюцца стымулы. Навошта шмат і прадуктыўна працаваць, калі дзяржава, з аднаго боку, забярэ вялікую колькасць заробку ў выглядзе падаткаў, а з іншага боку, забяспечыць хаця б і нізкаякасны дабрабыт тым, хто не працуе ці працуе няшмат.

Гэта, канешне, вельмі схематычнае і спрошчанае апісанне базавых ліберальных поглядаў. Але ж іх неабходна памятаць, каб вызначыць, дзе лібералізм, а дзе нешта іншае. І каб самому не выдумляць, што такое лібералізм, а потым з гэтымі выдумкамі адчайна змагацца. Як гэта, нажаль, часцяком адбываецца.

Якога ж колеру блакнот?

Цяпер вяртаемся да блогавага запісу нацыянал-кансерватара Андрэя Старжынскага. Коратка адкажам на яго тэзісы. І пачнем з пытання пра тое, як у ліберальным грамадстве вызначаецца колер блакнота, то бок як прымаюцца калектыўныя рашэнні.

Сп. Старжынскі баіцца, што большасць памылкова ці адмыслова пераблытае зялёны колер блакнота з чорным. І той афіцыйна будзе абвешчаны чорным, і ўсе сябры грамадства будуць вымушаныя лічыць зялёны блакнот чорным.

Сапраўды, у грамадстве ёсць праблема навязвання меншасці волі большасці. Але ж менавіта ліберальнае грамадства мінімізуе гэтую праблему праз паняцце індывідуальнай свабоды. Сферы, у якіх індывід мусіць падпарадкоўвацца большасці тут куды меншыя, чым у любым іншым грамадстве.

А вось прыклад Андрэя з’яўляецца абсалютнай фантазіяй, якая не адпавядае прыродзе чалавека. Навошта большасці падманваць саміх сябе і лічыць зялёны блакнот чорным? Свабода індывідуальнага выбару як раз і з’яўляецца гарантыяй таго, што ў выніку будзе зроблены самы рацыянальны выбар.

Верагоднасць рацыянальнага выбару значна большая, калі блакнот прызнаецца зялёным на падставе таго, што 99% лічыць яго такім, чым калі ён прызнаецца чорным на падставе меркавання 1%. А менавіта апошні варыянт вельмі часта мае месца ў неліберальных грамадствах, дзе нейкі цэнтральны аўтарытэт (палітычны лідар, урад ці царква) вызначаюць колер блакнотаў.

Старжынскі кажа пра магчымасць сацыяльнага канструявання ў ліберальным грамадстве. Маўляў, ёсць тыя ж алігархі, якія з дапамогай рэкламы ці іншых сродкаў уздзеяння могуць маніпуляваць свядомасцю індывідаў. Напэўна, такія выпадкі тэарэтычна выключыць немагчыма. Але ж зноў-такі: дзе верагоднасць такога маніпулявання большая? У ліберальным грамадстве, дзе індывіды кожны раз робяць свой вольны выбар і, падмануўшыся раз ці два, наўрад ці будуць даваць сябе падманваць увесь час? Ці ў неліберальным грамадстве, дзе цэнтралізаваны выбар за індывідаў робіць нехта іншы? Падаецца, адказ відавочны. Нават можам прывесці блізкія сэрцу прыклады …

Пра лібералізм і таталітарызм

Абсалютна незразумела, пра што кажа сп. Старжынскі, калі праводзіць нейкія паралелі паміж лібералізмам і таталітарызмам. Ён, дарэчы, ніяк і не паказвае, якім чынам індывідуальныя свабоды чалавека вядуць да таталітарызму. Проста раптам робіць выснову, што

“суб’ект атрымоўваючы свабоду ў-ва ўсёй паўнаце ліберальных канонаў, выходзіць на дарогу натуральнага рабства, горшага за тую “несвабоду”, якая існавала ў традыцыйным грамадстве” (пунктуацыя арыгіналу).

Нягледзячы на тое, што сп. Андрэй не апісвае хаця б нейкі механізм пераўтварэння лібералізму ў таталітарызм і фактычна робіць прыцягнутыя за вушы высновы, крышачку разбярэмся з гэтым пытаннем.

Там, дзе сапраўдны лібералізм, у прынцыпе не можа быць таталітарызму. Гэта проста супрацьлеглыя паняцці. Трэба адкрыць паліталагічны слоўнік і ў гэтым пераканацца.

У той жа час можна пагадзіцца, што ў розных палітычных варунках пасля ўсталявання ліберальнага рэжыму ў краіне можа наступіць рэжым таталітарны, пры тым як левага, так і правага толку. І некаторыя спяшаюцца рабіць выснову, што лібералізм вядзе да гэтых з’яваў. Як, напрыклад, некаторыя лічаць, што лібералізм гістарычна прывёў да з’яўлення марксізму.

Тут дастаткова бяссэнсоўна спрачацца пра тое, што да чаго прыводзіла ў сусветнай гісторыі. Проста ў людзей час ад часу (а ў некаторых і рэгулярна) з’яўляюцца розныя ідэі. Так ці інакш гэтыя ідэі “круцяцца” ў публічнай прасторы. А так як няма абсалютна ідэальнай грамадскай сістэмы (то бок той, якая б раз і назаўсёды задаволіла б усіх), то грамадства ўвесь час глядзіць на розныя ідэі як на магчымыя палітычня альтэрнатывы. Таму адны сістэмы перыядычна змяняюць іншыя.

Але ж пры гэтым проста важна разумець і не блытаць паняцці. Таксама важна разумець, што толькі ў ліберальным грамадстве ўсе іншыя палітычныя ідэалогіі могуць існаваць без пагрозы для бяспекі яе носьбітаў. Зразумела, да таго моманту, пакуль гэтыя носьбіты не пачынаюць парушаць правы іншых індывідаў.

І яшчэ адзін момант. Час ад часу можна пачуць пра так званы “ліберальны таталітарызм”. Напрыклад, у Беларусі некаторыя каментатары і ўдзельнікі інтэрнэт-форумаў вінавацяць лібералізм на падставе таго, што, маўляў, сярод беларускай апазіцыі вельмі шмат тых, хто, пачуўшы нейкія тэзы, што супярэчаць іх асабістым перакананням, пачынаюць сапраўдную траўлю іх аўтара.

Тут, па-першае, трэба разабрацца з тым, наколькі гэтыя апазіцыянеры з’яўляюцца лібераламі. Аўтар гэтых строк ведае вельмі мала лібералаў сярод актывістаў беларускай апазіцыі. А тых, каго ведае, наўрад ці будуць кагосьці травіць у сеціве. А, па-другое, усё ж траўля ў інтэрнэце гэта не траўля з выкарыстаннем дзяржаўнага рэпрэсіўнага апарату. Як гэта бывае у неліберальных краінах. Прыклады патрэбныя?

Пра спажыванне і вытворчасць

Не будзем закранаць пытанні духоўнасці, пра якія ў кантэксце “грамадства спажывання” кажа сп. Старжынскі. Бо няма сэнсу дыскутаваць пра абстрактныя паняцці, якімі кожны можа жангляваць, як хоча. Хаця варта было б зноў накіраваць Андрэя Старжынскага да аднаго з цэнтральных ліберальных пытанняў: хто і на якой падставе вырашае, што ёсць духоўным, а што не.

Але ж некалькі слоў пра іншае.

У спажыванні як такім няма і быць ня можа (з гуманістычнай неабходнасці забяспечыць дабрабыт як мага большай колькасці людзей) нічога дрэннага да таго моманту, пакуль яно ажыццяўляецца за кошт самаго індывіда. Калі ж яно пачынае ажыццяўляцца за кошт іншых (то бок дзяржавы, то бок падаткаплацельшчыкаў), вось тут з’яўляюцца праблемы.

Але ж гэта ўжо не мае нічого агульнага з лібералізмам (гэта зноў да пытання неабходнасці разумець паняцці). Больш за тое, трэба памятаць яшчэ адну важную асаблівасць лібералізму і рынкавай эканомікі (як эканамічнага ўвасаблення ліберальных прынцыпаў).

У гэтай сістэме найбольшую выгоду мае той, хто не спажывае што шалёны, а хто значную частку заробленага ашчаджае і ўкладае ў развіццё свайго ці іншага бізнэсу. А гэтыя ўкладанні як раз і з’яўляюцца падмуркам інавацый, якія робяць жыццё чалавецтва больш забяспечаным і камфортным. А таксама падмуркам эканамічнага росту, які патрэбны дзеля таго, каб “выцягваць” людзей з галечы.

Пра сям’ю

Адказ на тэзіс Андрэя Старжынскага пра сям’ю дадзены ў блогавай нататцы “Ліберальнага клуба”. Таму не будзем паўтарацца. Тым больш не хацелася б браць прыклад са сп. Старжынскага і ўдавацца ў крайнасці інтэрпрэтацыі. Нармальныя сем’і, дзякуй Богу, ёсць і заўсёды будуць у любой сістэме і ў любым грамадстве. Гэтак жа, як, нажаль, і ненармальныя.

Дададзім толькі тое, што за ціск з боку традыцыйных грамадстваў на людзей пры любых абставінах жыць адзін з адным пасля таго, як яны заключылі шлюб, як раз і плоцяць мільёны дзяцей. Плоцяць сваім псіхічным здароў’ем. Плоцяць сапсаваным дзяцінствам, калі замест цеплыні сямейнай утульнасці атрымоўваюць кожнадзённыя скандалы паміж бацькамі.

Напрыканцы вяртаемся да нашага цэнтральнага тэзісу: каб крытыкаваць лібералізм, спачатку трэба зразумець яго асноўныя паняцці. Інакш, крытыка лібералізму (як і любой іншай ідэалогіі) ператвараецца ў размову з самім сабой, у адчайную барацьбу са самаствораным фантомам.