Вадзім Мажэйка


Апублікавана ў «Заўтра тваёй краіны»


Мяккая беларусізацыя нагадала, што краіне патрэбны рэформы сістэмы дзяржаўнага кіравання.


Неканструктыўная Адміністрацыя?


Падчаснядаўняга святкавання Дня беларускага пісьменства ў  Шчучыне, гучала шмат добрых словаў пра матчыну мову. Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка, міністр інфармацыі Лілія Ананіч і іншыя чыноўнікі спрабавалі даваць інтэрв’ю па-беларуску. Далей за ўсіх пайшоў намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Бузоўскі. Ён заявіў, што мова, культура і пісьменства – гэта ахоўная грамата беларускай дзяржаўнасці, фундамент, на якім грунтуецца развіццё нашага грамадства. 


Зусім інакш ацэньваюць беларускую мову ў дакуменце, які быў надрукаваны на сайце гродзенскай школы №22 пад назвай “Формы и методы реализации молодежной политики в городе Гродно”. Зараз ніхто не хоча прызнаваць за сабой аўтарства скандальнага тэкста.


Аднак яго назва падазрона супадае з тэмай семінару мяцовых ідэолагаў у Гродзенскім аблывыканкаме, які адбыўся паўгады таму.


У гэтым “ананімным” творы мясцовага чынавенства папулярызацыя беларускай мовы лічыцца зусім не ахоўнай граматай беларускай дзяржаўнасці. Згодна з “Формамі…” гэта --“новы напрамак дзейнасці неканструктыўных арганізацый”, якія такім чынам “спрабуюць падмяніць запаветныя для беларусаў каштоўнасці, і падаць грамадству ўсю беларускую культуру з вузкага нацыяналістынага пункту гледжання”.


Няўжо “неканструктыўная арганізацыя” – гэта Адміністрацыя прэзідэнта?! Вось якія калізіі стварае нескаардынаванасць працы дзяржаўнай машыны. І гэта толькі вяршыня айсбергу.


Супрацьлеглыя трэнды


Супярэчнасць пазіцый выглядае ў нечым анекдатычна і нават абразліва: чаму  папулярызацыя беларускай мовы шкодзіць “запаветным каштоўнасцям” беларусаў?  Аднак праблема выходзіць за межы асобнага выпадку, такія сітуацыі здараюцца сістэмна.


Апошнія паўтары гады ў Беларусі ў пэўнай ступені ідзе трэнд на мяккую беларусізацыю. Ён паўстаў як рэакцыя грамадства і ўлады на анэксію Крыма, ўкраінскі крызіс і распаўсюд ідэяў “рускага свету”. Можна заўважыць рост папулярнасці беларускай мовы і культуры, нацыянальнага адзення (тых самых вышыванак-вышымаек), рознага кшталту ініцыятыў па прасоўванні беларускасці. Але адначасова існуе і супрацьлеглы трэнд: успрыманне тых жа вышыванак як маркераў ледзь не “бандэраўцаў-фашыстаў”, а беларускай мовы – як інструмента барацьбы супраць “расейскіх братоў” (альбо пагрозы “запаветным беларускім каштоўнасцям”, як у гродзенскім дакуменце).


Як бачым, такая супрацьлегласць трэндаў існуе і ў грамадстве, і ў дзяржаўных структурах. Проста зацікаўленасці ўлады ў мяккай беларусізацыі недастаткова, каб гэтая палітыка эфектыўна ўвасаблялася. Патрэбна эфектыўная сістэма дзяржаўнага кіравання, з якой у Беларусі існуюць вялікія праблемы.


Небяспечны дзяржапарат


Канфлікты і супярэчнасці з мяккай беларусізацыяй ізноў падымаюць тэму рэфармавання сістэмы дзяржкіравання Беларусі. Асноўныя працы і дыскусіі ў гэтым накірунку адбываліся ў 2012-2013 гадах і фармальна скончыліся ўказам №168 “Аб некаторых мерах па аптымізацыі сістэмы дзяржаўных органаў і іншых дзяржаўных арганізацый, а таксама колькасці іх работнікаў”.


Аднак даследаванне “Ліберальнага клуба” сведчыць, што ўказ быў хутчэй “часовай спробай скараціць выдаткі і падвысіць заробкі дзяржслужачых”. Істотных зменаў да гэтага часу не адбылося. Між тым, даўно наспелі рэформы беларускай сістэме дзяржкіравання. Па меркаванні даследчыкаў, існуюць “глыбокія сістэмныя праблемы дзяржаўнага кіравання Беларусі, яго невысокая эфектыўнасць … касметычнымі зменамі гэтыя праблемы вырашыць немагчыма”.


Мяккая беларусізацыя – далёка не першы прыклад, калі з выкананнем дзяржаўных рашэнняў усё складана. Па словах дырэктара па даследваннях “Ліберальнага клуба” Яўгена Прэйгермана, “у краіне відавочны крызіс кіруемасці … як сведчыць нядаўняе даследванне, праведзенае Адміністрацыяй прэзідэнта, выконваецца толькі малы адсотак даручэнняў прэзідэнта. Таму і мажліва казаць, што дзяржапарат стаў пятай калонай”.


“Сітуацыя з дрэнным выкананнем замацаваных у дзяржаўных праграмах мэт і задач сведчыць аб нізкай эфектыўнасці працы сістэмы дзяржаўнага кіравання”, -- адзначаецца ў адмысловым даследаванні “Ліберальнага клуба”.


У крызісныя часы такія праблемы ў дзяржаўным кіраванні могуць стаць сур’ёзнай пагрозай для краіны і перашкодай у выкананні тэрміновых рашэнняў.


Празрыстасць і персанальная адказнасць


Што трэба змяніць у беларускім дзяржкіраванні, каб не паўтараліся заўважаныя ў мяккай беларусізацыі праблемы: супрацьдзеянне розных чыноўнікаў адзін аднаму і невыкананне рашэнняў кіраўніцтва краіны?


Па-першае, беларуская сістэма дзяржкіравання павінна быць празрыстай, транспарэнтнай, а гэта значыць – больш адказнай. Трэба спыніць практыку распаўсюджвання ананімных дакументаў накшталт “Формаў…”. Яны рыхтуюцца невядомымі асобамі, з незразумелымі паўнамоцтвамі, адказнасцю і кваліфікацый. А потым выкарыстоўваюцца на сайтах афіцыйных устаноў, альбо наўпрост у працы: так было з ананімнымі “чорнымі спісамі”, па якіх рэальна адмянялі канцэрты музыкаў.


Таксама патрэбна дэбюракратызацыя дзяржапарату, развіццё сістэм электроннага ўраду, наданне рэальных паўнамоцтаў грамадска-кансультатыўным радам пры розных дзяржорганах. Чым болей грамадзяне будуць удзельнічаць у працы дзяржаўных структур – тым лепей яны будуць бачыць: што там адбываецца і наколькі эфектыўная праца чыноўнікаў.


Па-другое, трэба правесці аўдыт існуючых паўнамоцтваў і функцый дзяржаўных органаў. Як сведчыць даследванне “Ліберальнага клуба”, сёння нярэдка існуе канфлікт інтарэсаў, калі адзін і той жа дзяржорган выконвае пэўныя абавязкі і потым сам сабе кантралюе. Да таго ж паўнамоцтвы і функцыі розных дзяржаўных структураў могуць перасякацца і дублявацца, што стварае хаос, зніжае эфектыўнасць працы.


Па-трэцяе, усе гэтыя намаганні не будуць эфектыўнымі, калі не вырашыць асноўную праблему беларускай сістэмы дзяржкіравання. Яна палягае ў тым, што фармальныя і нефармальныя паўнамоцтвы не вельмі размежаваныя на самым версе ўлады: Адміністрацыі прэзідэнта, Савета міністраў ды Савета бяспекі.


Пакуль парадку няма ў найвышэйшым кіраўніцтве краіны – не будзе яго і на месцах.