Яўген Прэйгерман


Апублікавана ў газеце «Звязда»


Вядомы брытанскі эканаміст Джон Мэйнард Кейнс (эканамічныя погляды якога я, дарэчы, не падзяляю) яшчэ ў 1935 годзе пісаў: «Ідэі эканамістаў і палітычных філосафаў, і калі яны маюць рацыю, і калі памыляюцца, маюць значна большы ўплыў, чым прынята думаць. На самой справе, мала што яшчэ кіруе светам». 


У цэлым з гэтай цытатай Кейнса цяжка не пагадзіцца, асабліва калі паглядзець на развіццё краін і ўсяго чалавецтва з гістарычнай перспектывы. Думаю, мала хто будзе спрачацца з простым тэзісам пра тое, што моц і магчымасці краіны ў вялікай ступені вызначаюцца яе інтэлектуальным патэнцыялам. Іншымі словамі, якасцю грамадскай думкі і інтэлектуальных эліт.


А адзін са складнікаў інтэлектуальнай і ідэйнай прасторы краіны — гэта яе экспертная супольнасць. Тэрмін распаўсюджаны, але ж, магчыма, не для ўсіх зразумелы. Таму патлумачу.


Пад экспертнай супольнасцю маецца на ўвазе асяроддзе, у якім генерыруюцца ідэі па розных накірунках дзейнасці. У прыватнасці, часта гэта паняцце прымяняецца да сукупнасці людзей, якія валодаюць глыбокімі прафесійнымі ведамі ў галінах дзяржаўнага кіравання. Эксперты — гэта і вучоныя, і прадстаўнікі даследчых інстытутаў і аналітычных цэнтраў, і проста незалежныя (г.зн. не звязаныя з нейкай арганізацыяй) спецыялісты. Але ж не супрацоўнікі дзяржаўных органаў, бо для эксперта важна быць па-за межамі карпаратыўных і палітычных інтарэсаў асобных інстытутаў ці груп.


Роля экспертаў, як і інтэлектуалаў у больш шырокім сэнсе, — быць стрыжнем грамадскай думкі, забяспечваць пераемнасць ведаў і іх суаднясенне з нацыянальнымі інтарэсамі краіны. Экспертная супольнасць і мусіць адказваць за «намацванне» і абгрунтаванне нацыянальных інтарэсаў і іх тлумачэнне грамадству. Яна з’яўляецца мостам паміж рэальнай палітыкай, дзяржаўным кіраваннем і грамадствам.


Дабаўленая вартасць экспертнай супольнасці не толькі ў непасрэдных прафесійных ведах, а яшчэ і ў доступе да экспертных сетак у іншых краінах. А гэта і доступ да ведаў, якіх бракуе ў сваёй краіне, да так званых «ноу-хау». Гэта і магчымасць даносіць і тлумачыць праз экспертныя каналы інтарэсы сваёй краіны іншым грамадствам ці нават урадам. У тэорыі і практыцы міжнародных адносін нават існуе адмысловае паняцце — «другая каляіна дыпламатыі» (trасk-ІІ dірlоmасу), то бок экспертная дыпламатыя, якая адыгрывае карысную ролю ў міждзяржаўных стасунках.


Асабліва важную ролю экспертная супольнасць мае ў крызісныя часы, калі звычайны лад грамадскага жыцця парушаецца і з’яўляецца ідэйны вакуум адносна таго, як жыць далей.


А як выглядае гэты стрыжань грамадскай думкі ў Беларусі?


Пытанне не тэарэтычнае, а абсалютна практычнае, прыкладное. Наша краіна сутыкнулася сёння з сур’ёзнымі выклікамі, найперш у эканоміцы і знешняй палітыцы. У такіх умовах роля экспертнай супольнасці якраз і становіцца вызначальнай. І менавіта такія часы з’яўляюцца тэстам на якасць экспертнай супольнасці.


На жаль, існуючая сёння ў Беларусі эканамічная і знешнепалітычная дыскусія сведчыць пра тое, што з экспертнай супольнасцю ў нас не ўсё добра.


Прытым у знешнепалітычным кантэксце сітуацыя крыху лепшая. Можна нават канстатаваць, што ў апошнія гады тут назіраецца пэўны прагрэс. З’яўляюцца новыя арганізацыі і аналітыкі, пачынае вымалёўвацца некаторая змястоўная экспертная дыскусія. Хоць якасць і ўзровень застаюцца нізкімі.


Дастаткова паслухаць гэтыя дыскусіі ці пачытаць некаторыя публікацыі, каб пабачыць праблемы: дрэннае валоданне сучаснымі і класічнымі тэорыямі міжнародных адносін, яшчэ горшае разуменне рэальнай палітыкі і ўмоў, у якіх яна рэалізуецца. Не дзіўна, што шматлікія дыскусіі і экспертныя думкі проста кішаць канспіралогіяй і так званымі «тэорыямі змовы». А гэта першы паказчык нізкай якасці: той, хто не разумее рэальных працэсаў і не ў стане ў іх разабрацца, звычайна і схільны да канспіралагічных фантазій.


Назіраецца і распаўсюджаная праблема з метадалогіяй — а гэта святая святых у працы эксперта. За апошні час у публічнай прасторы з’явілася шмат так званых «экспертных дакладаў», якія базіруюцца на ўсё тых жа канспіралагічных фантазіях аўтараў і шматлікіх спасылках на розныя чуткі, што быццам ходзяць то ў дыпламатычным, то нейкім іншым асяроддзі. Такая якасць даследчай метадалогіі — гэта сорам. А карысць ад гэтых экспертных дакладаў, у лепшым выпадку, нулявая.


Але ж, як падаецца, у эканоміцы ўсё яшчэ горш.


У эканамічных дыскусіях у Беларусі часцей за ўсё можна пачуць ці нейкую заідэалагізаванасць савецкіх часоў, ці проста банальную прафесійную непрыдатнасць. У нашых акадэмічных часопісах па эканоміцы большасць матэрыялаў узроўню магістратуры не самага лепшага еўрапейскага ВНУ. Ёсць, вядома, і выключэнні, але іх няшмат. Наша эканамічная думка адстае ад сусветнай, як мінімум, гадоў на дзесяць.


У гэтай сітуацыі і не дзіўна, што падчас дыскусіі пра будучыню беларускай эканомікі на адным з тэлеканалаў вядомы доктар эканамічных навук на поўным сур’ёзе сказаў, што ўсе нашы праблемы вырашацца, калі мы зробім больш гнуткай сістэму заробкаў для кіраўнікоў дзяржаўных прадпрыемстваў. Думаю, не трэба нагадваць, што гэтая «геніяльная» думка яшчэ з часоў савецкай перабудовы. Але тады, у тым ліку для вучоных, існавала «жалезная заслона», якая адгароджвала іх ад сусветных навуковых працэсаў. Якая і дзе заслона існуе сёння — незразумела…


Пры ўсім пры тым ёсць жа ў нас шмат добра адукаваных эканамістаў, ёсць беларусы-эканамісты, якія працуюць на сур’ёзным узроўні ў замежных універсітэтах і даследчых цэнтрах. Але ж іх велізарны патэнцыял не выкарыстоўваецца.


У гэтым і ёсць галоўная праблема нашай экспертнай супольнасці — у яе ізаляванасці як ад міжнародных суполак, так і ад працэсу прыняцца рэальных кіраўнічых рашэнняў унутры Беларусі.


Праблему трэба вырашаць, бо ўрэшце гэта пытанне нацыянальнай бяспекі. Неабходна па-новаму паглядзець на камунікацыю паміж дзяржавай і экспертнай супольнасцю. А для гэтага патрэбны якасныя дыскусійныя і даследчыя пляцоўкі. Падкрэслю: менавіта якасныя, адпаведныя самым высокім міжнародным стандартам ці, прынамсі, якія імкнуцца да такіх стандартаў.