Яўген Прэйгерман

Апублікавана ў газеце «Звязда»

«Вы не можаце чакаць, пакуль ваш дом згарыць, каб набыць страхавы поліс.
Так і мы не можам чакаць, пакуль у грамадстве пачнуцца масавыя некантраляваныя змены, каб пачаць рыхтавацца да чацвёртай прамысловай рэвалюцыі».


Праф. Роберт Шылер,


нобелеўскі лаўрэат па эканоміцы 2013 г.


Апошнім часам мы пастаянна звяртаемся да тэмы велізарных выклікаў, якія паўсталі перад чалавечай супольнасцю. Міграцыйны крызіс і нарастанне нацыянальна-культурных супярэчнасцяў у ЕС, геапалітычныя канфлікты і праблемы сістэмы бяспекі, нарэшце, новая мадэль сусветнай эканомікі, што фарміруецца на нашых вачах, — усё гэта сапраўды нагадвае сюжэты з прац футуролагаў. Але ж якімі б неверагоднымі ні былі гэтыя сюжэты, для нашай дзяржавы галоўнае — знайсці свае адказы на ўсе выклікі сучаснасці і павярнуць іх на карысць Беларусі.

Мы з'яўляемся неад'емнай часткай глабалізаванага свету, з усімі яго хібамі і магчымасцямі. Мы — малая адкрытая эканоміка, якая ў вялікай ступені залежыць ад вонкавых рынкаў і фінансавага стану нашых знешнегандлёвых партнёраў. Таму, вядома, у пэўнай ступені сённяшнія эканамічныя праблемы прыйшлі да нас звонку (больш дакладна, з усходу, бо на захадзе назіраецца эканамічны рост). Але ж Беларусь — суверэнная дзяржава. І таму не важна, адкуль прыходзяць праблемы, важна, што менавіта нам трэба іх вырашаць.

А каб вырашаць, неабходна добра разумець, куды рухаецца свет, ад якога мы так залежым. Неабходна крочыць з гэтым светам разам, а ў чымсьці і абганяць яго.

У гэтым сэнсе варта звярнуць увагу на чарговы Сусветны эканамічны форум, які нядаўна завяршыўся ў швейцарскім Давосе. Як звычайна, ён сабраў кіраўнікоў краін і міжнародных арганізацый, топ-менеджараў найбольш паспяховых кампаній, старшыняў буйных банкаў, вядучых вучоных і экспертаў. Галоўнай тэмай іх дыскусій сёлета стала чацвёртая прамысловая рэвалюцыя, г. зн. сістэмныя змены, якія чакаюць сусветную эканоміку і якія ў перспектыве адаб'юцца на ўсіх баках чалавечага жыцця.

Нагадаю, першая прамысловая рэвалюцыя заключалася ў выкарыстанні вады і пару для механізацыі вытворчасці. Пасля другой рэвалюцыі электрычнасць стала асновай масавай вытворчасці, пачаў падзел працы. Трэцяя стала магчымай дзякуючы электроніцы і інфармацыйным тэхналогіям, якія прывялі да аўтаматызаванай вытворчасці. Чацвёртая рэвалюцыя, як адзначаецца ў матэрыялах давоскага форуму, будзе характарызавацца «сумессю тэхналогій, якая размые падзел паміж фізічнай, лічбавай і біалагічнай сферамі». Іншымі словамі, гэта эпоха бясконцых інавацый, якія базуюцца на самых непрадказальных камбінацыях тэхналогій, для распрацоўкі якіх больш не патрэбны буйныя заводы ці транснацыянальныя карпарацыі. Увасабленнем новай эпохі ў сусветнай эканоміцы з'яўляюцца нана- і біятэхналогіі, 3D-прынтары, штучны інтэлект, робататэхніка, аўтаномныя машыны і г.д.

Чацвёртая прамысловая рэвалюцыя адметная хуткасцю і маштабам распаўсюджвання новых тэхналогій, што імкліва мяняюць усе сферы чалавечага жыцця. Зразумела, што гэта з'яўляецца адначасова велізарным выклікам краінам і іх грамадствам, але адначасова і магчымасцю для іх «скокнуць» на новую, больш высокую прыступку развіцця, стаць больш канкурэнтаздольнымі ў сусветнай эканоміцы.

Што ж у такіх сусветных абставінах на фоне шматлікіх выклікаў і на парозе чарговай прамысловай рэвалюцыі рабіць Беларусі?

Глупствам было б цяпер абвяшчаць нацыянальны конкурс пад назвай «Якая тэхналогія дазволіць Беларусі ажыццявіць пераход у новую прамысловую эпоху?». Хоць пра неабходнасць цэнтралізаванага пошуку такога кшталту тэхналогій любяць расказваць некаторыя з нашых чыноўнікаў і супрацоўнікаў Акадэміі навук. У іх на ўсё адзін адказ — трэба зацвердзіць і прафінансаваць чарговую дзяржаўную праграму па пошуку прарыўных ідэй. Яно і зразумела: для іх гэта добрая магчымасць атрымаць новае бюджэтнае фінансаванне і як мінімум забяспечыць сабе матэрыяльны дабрабыт на некалькі гадоў наперад. А што там атрымаецца — гэта пытанне другаснае: час, так бы мовіць, пакажа.

І вось жа ён і паказвае нам ужо колькі гадоў, што стаўка на нейкія цэнтралізаваныя прарыўныя тэхналогіі, на жаль, не вельмі спрацоўвае. І калі мы хочам усё ж такі ўвайсці ў новую прамысловую эпоху канкурэнтаздольнымі, то нам трэба тэрмінова адмаўляцца ад гэтых практык.

Увогуле трэба зразумець, што сучасны свет надзвычай складаны, каб дзяржава ці нейкая іншая цэнтралізаваная інстытуцыя магла трымаць усё пад кантролем і забяспечваць імклівае развіццё. Не таму, што дзяржава дрэнная ці чыноўнікі некампетэнтныя, а таму, што жыццё стала вельмі шматгранным і складаным.

Сённяшні свет — гэта час штодзённых інавацый. І трэба навучыцца жыць у такой дынаміцы. Гэта тычыцца і суб'ектаў гаспадарання, і органаў дзяржаўнага кіравання, і грамадскіх аб'яднанняў, і кожнага асобнага чалавека. Як бы банальна гэта ні гучала, але ж тыя, хто не зможа своечасова адаптавацца да жыцця ў новых умовах, не пройдуць праверку сучаснасцю і знікнуць на звалцы гісторыі.

Вельмі важна не праспаць момант! Жыць не так, як прызвычаіліся, а выходзіць з так званай зоны камфорту. І галоўная наша задача — зрабіць Беларусь месцам, якое вабіць: перш за ўсё саміх беларусаў, а таксама замежных высокакласных спецыялістаў і інвестараў, вядучых навукоўцаў, моладзь, турыстаў. Беларусь мусіць стаць краінай магчымасцяў.

Дзеля гэтага, на маю думку, трэба сканцэнтравацца на двух прыярытэтах.

Першае — сістэма дзяржкіравання і рэгулявання. Іншымі словамі, інстытуты. Як казаў Томас Джэферсан, «па меры таго, як змяняюцца абставіны, грамадскія і дзяржаўныя інстытуты мусяць таксама ўдасканальвацца, каб адпавядаць свайму часу». Калі сучасная дзяржава не ў стане забяспечваць пастаяннае развіццё і эканамічны рост цэнтралізавана, то яна мусіць ствараць самыя лепшыя ўмовы для людзей і бізнесу, каб яны выкарыстоўвалі ўвесь свой патэнцыял на карысць сваім сем'ям і ўсёй краіне. Тая дзяржава, якая выйграе спаборніцтва па стварэнні найлепшых інстытутаў, умоў для бізнесу і творчага развіцця людзей, забяспечыць свой суверэнітэт і канкурэнтаздольнасць у часы чацвёртай прамысловай рэвалюцыі.

Другое — сістэма адукацыі. У эканоміцы будучыні, на жаль, стане павялічвацца разрыў у дабрабыце паміж высока- і нізкакваліфікаванымі кадрамі. У вялікай ступені кваліфікацыя — гэта пытанне адукацыі. Таму надзвычай важна разабрацца не толькі з тым, што і на якім узроўні выкладаюць у нашых ВНУ, але ж і з тым, хто выкладае. Часам паслухаеш некаторых нашых прафесараў эканомікі, дык проста жах бярэ. Якіх спецыялістаў рыхтуюць тыя, хто ў ХХІ стагоддзі так і застаўся ў канспектах па марксізме-ленінізме?