Вадзім Мажэйка

11 чэрвеня ў амбасадзе Ўкраіны прайшла прэзентація першага нумару альманаха “Справа”. Ён стаў вынікам працы літаратараў, яія год таму, у красавіку 2014га, аб’ядналіся ў Таварыства украінскай літаратуры пры ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”.



 

Фота: Віка Трэнас / lit-bel.org   

Беларускія ініцыятывы дзеля Ўкраіны

 

Год працы Таварыства – гэта і самы цяжкі год у найноўнай гісторыі Ўкраіны; год барацьбы за самастойнасьць, сапраўдную незалежнасьць і тэрытарыяльную цэласнасьць. Як казалі на прэзентацыі стваральнікі Таварыства, іх справа распачалася менавіта як пошук некага творчага адказу на тыя праблемы, якія сёння ёсьць у нашага братняга народу; праява салідарнасьці ды спроба наладзіць шляхі узаемапаразумення.

 

Зрэшты, украінскія падзеі агулам добра прадэманстравалі, што беларускі народ па-рознаму, але спрабуе дапамагчы паўднёвым братам, а таксама разбурыць часам існуючыя прапагандысцкія міты. З боку ўладаў гэта мінскія перамовы ды мінскія пагадненні, месца сустрэчаў для кантактных групаў. Экспертная, аналітычная супольнасьць распрацавала ды прасоўвае ініцыятыву “Мінскі дыялог” (у фармаце другога трэка дыпламатыі). Хапае і ініцыятываў грамадзянскай супольнасьці – напрыклад, праект "Украіна-Беларусь: адзінства ў разнастайнасці”, у межах якога праходзілі круглыя сталы дзеля наўпроставага абмена інфармацыяй паміж украінскай і беларускай моладдзю. И вось цяпер перад намі такі праект літаратурна-мастацкі.



Фота: Віка Трэнас / lit-bel.org   

 

Мовы ўзаемапаразумення

 

Аўтарамі альманаха сталі вельмі розныя людзі, з розным мастацкім досьведам і нават рознымі мовамі. Так, альманах “Справа” аб’ядноўвае тэксты на беларускай, украінскай і расейскай мовах, а таксама на розных дыялектах, брэсцка-пінскіх гавроках беларуска-ўкраінска-польскага памежжа. Вось уж каму не трэба тлумачыць, што беларусы і ўкраінцы – братэрскія народы, дык гэта жыхарам памежжа, якія праз уласную мову адчуваюць, колькі ў нас агульнага і як лёгка зразумець адзін аднаго.

 

Зрэшты, калі ўжо прытрымлівацца папулярных ва Ўкраіне тэндэнцый, то альманах павінен утрымліваць і тэксты на крыма-татарскай мове. Але ж для беларусаў яны б усё ж былі цалкам непрыдатныя для чытання. А вось дыялекты паглядзець цікава, тым больш што альманах утрымлівае асобную інструкцыю “Як чытаць на гаворках”.

 

І чытаць ёсьць што: ў дыялектнай частцы альманаху можна пабачыць і фрагмент кранальна-жыцёвай аповесьці Фёдара Клімчука “Яныс” (гаворка сяла Сіманавічы Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласьці), і аповяды Пятра Куліка (заходне-палесскій дыялект).

 

Асабліва кранальная яго гісторыя “Ек крала я картоплы в колкозы”. За невялічкія паўтары старонкі аўтар адлюстроўвае тыя пасьляваенныя цяжкасьці жыцця палешукоў, якія хаваюцца за бравурнымі афіцыйнымі фармулёўкамі “краіна адраджалася пасьля вайны”. Тут і жыццё шматдзетнай маці без мужы – ды не забітага немцамі альбо паліцаямі, а забранага “сваімі” жа, “за спекуляцыю”; тут і прымусовая калектывізацыя з працай на калхоз за мізэрны заробак – “а на другій рік, ек була хвора, то шэ й осталася должна колкозу”; і сама метафарычная гісторыя пра крадзёж калгаснай бульбы, якая, схаваная пад адзеннем нават на горле, гераіну ледзь не задушыла. Арыгінальная дыялектная палешуцкая мова надае тэксту калярыту, нібыта ператварае літаратурны твор у жывую гаворку з жанчынай гэткай цяжкай долі.

 

“Я жыву ў краіне, у якую не верыць ніхто”

Як ужо адзначалася, альманах складаецца з твораў вельмі розных пісьменнікаў, але, безумоўна, агульнае ў іх – гэта любоў да Радзімы і мовы. Гэтым тэмам і прысьвечаныя шмат якія з прадстаўленых твораў. Ёсьць і наўпростава вельмі актуальныя, прысьвечаныя недаўнім падзеям. Так, напрыклад, Ігар Тумаш прадстаўляе саю расейскамоўную замалёўку з пахавання Міхаліа Жызьнеўскага, загінуўшага на Майдане беларуса, “Траурная лента и сопутствующие размышления”. Альбо тэкст журнасткі Дар’і Касьценка, стваральніцы маскоўскай валантэрскай групы “Рука Москвы”, якая дапамагае ўкраінцам у зоне АТА. Як заўсёды, асабістыя гісторыі вельмі кранальныя, і прымушаюць задумацца, як нават гульцы ў элітарныя інтэлектуальныя гульны могуць апынуцца па розныя бакі барыкад:

 

“Министр иностранных дел” ДНР, Александр Кофман, когда-то играл в “Что? Где? Когда?”. Как и я. И Док. И Женька. И Друже. Мы с ними пели вместе в лесу у костра, давным-давно, на фестивале интеллектуальных игр, в Гомеле. А теперь его “соратники”, в лучшем случае, расстреляли бы нас на месте. Док и Друже Максимович – в “расстрельных списках” ДНР, а нас с Женькой – за компанию. Это трудно уместить в голове”.

 

Асобная значная частка кнігі – гэта блок “Пераклады/Переклади”; адпаведна, беларускіх пісьменнікаў – на ўкраінскую мову, а ўкраінскіх – на беларускую. Адчыняе яго ўрывак з кнігі Сьвятланы Алексіевіч “Час second-hand”, які на ўкраінскую пераклала кіраўніца Таварыства украінскай літаратуры Наталка Бабіна. Побач – найпрыгажэйшая паэтычная гульня, калі адны з самых папулярных сучасных літаратараў нашых народаў, Сяргей Жадан і Андрэй Хадановіч, перакладаюць вершы адзін аднаго. Чытаючы іх, можна вельмі выразна зазначыць, як шмат у нашых народаў агульнага. Вось, напрыклад, радкі верша Сяргея Жадана ў перакладзе з украінскай Андрэя Хадановіча:

 

Не разумеючы, што да чаго, не цямячы, дзе й нашто, усё ідзе, як павінна ісць, ідзе сабе як ідзе.

Я жыву ў краіне, у якую не верыць ніхто,

і размаўляю мовай, якую не разумеюць нідзе.

 

***

Альманах “Справа” дапамагае беларускаму і ўкраінскаму народам не толькі наўпрост больш давадацца пра літаратуру адзін аднаго, але ж і адчуць подых мастацкай салідарнасьці, якая здолная разбураць прапагандысцкія міты і штучныя бар’еры паміж братамі. Часам здаецца, што такая праца – гэта толькі кропля ў акіяне супярэчлівага інфармацыйнага шуму, але ж, як кажуць, што такое акіян, як ні мільён кропель?..