Вадзім Мажэйка


Апублікавана ў “Белгазеце”


Канфлікт студэнтаў і адміністрацыі БДУ ­ гэта не пра платныя пераздачы, а пра фінансавае выжыванне беларускай сістэмы адукацыі і некампетэнтнасць кіраўніцтва ўніверсітэта. 


ЗАРОБІМ КАПЕЙКУ ­ ЗГУБІМ РУБЕЛЬ


Вядома, універсітэтам пагражае не адсутнасць 1­2 еўра за паўторны залік беларускага студэнта. Рэальная патрэба беларускіх вну ­ гэта студэнты замежныя, якія вязуць у Беларусь валюту на аплату вучобы.


Прычым кошт для іх значна вышэйшы, чым для беларусаў. Сакрэт палішынэля: дзеля гэтага Беларусь і далучалася да Балонскага працэсу ўвесну, каб прыцягваць замежнікаў еўрапейскімі дыпломамі. Ва ўмовах эканамічнага і дэмаграфічнага спаду ў Беларусі без такой вонкавай фінансавай падтрымкі нашым вну ў сённяшнім выглядзе не выжыць.


Аднак далучалі да Балонскага працэсу нас не проста так, а з умовамі. Дарожную карту рэформаў Беларусі трэба выканаць да 2018г. Ніякіх падвойных стандартаў: патрабаванні там тыя самыя, што і да іншых ­краін­удзельніц. Напрыклад, акадэмічныя вольнасці, студэнцкае самакіраванне.


У камунікацыі са «#студэнтысупраць» адміністрацыя БДУ ўжо нарабіла столькі памылак, што моцна падставіла ўсю краіну. Еўрапейскі студэнцкі саюз (ESU) выказаў сваю салідарнасць з беларускімі студэнтамі і раскрытыкаваў рэпрэсіўны падыход універсітэта. Беларускае чынавенства прызвычаілася не звяртаць увагі на такія заявы розных еўрапейскіх структур.


Шчыра кажучы, мяркую, адміністрацыя БДУ наогул не вельмі разумее, што такое ESU і які ўплыў мае яго пазыцыя.


МІНА ЗАПАВОЛЕННАГА ДЗЕЯННЯ ПАД БАЛОНСКІ ПРАЦЭС


Між тым ESU мае дарадчы голас у еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі. І да гэтага голасу прыслухоўваюцца: менавіта з­за пазiцыі ESU Беларусь не трапіла ў Балонскі працэс у 2011г. Цяпер адміністрацыя БДУ настроіла еўрапейскую студэнцкую супольнасць супраць сабе ­ і супраць Беларусі ў Балонскім працэсе.


Такім чынам, дзякуючы адміністрацыі БДУ у 2018г. Беларусь сутыкнецца з дадатковымі праблемамі. Вядома, за асобныя выпадкі рэпрэсій супраць студэнтаў Беларусь не выключаць з Балонскага працэсу (такая схема наогул не выкарыстоўвалася раней). Аднак жа і салодкія спічы чыноўнікаў пра велізарны прагрэс у развіцці студэнцкага самакіравання Беларусі не сустрэнуць разумення ў еўрапейскіх партнёраў пасля крытычнага даклада ESU.


Да таго ж, беларускай дэлегацыі будзе цяжка пахваліцца поспехамі і ў іншых рэформах, якія прадугледжаныя Дарожнай картай. Нешта цяжка выконваць з палітычных прычынаў, а на нейкія рэформы проста не хапае кваліфікацыі.


АДСУТНАСЦЬ ПРАФЕСІЯНАЛІЗМУ КАМПЕНСУЮЦЬ РЭПРЭСІЯМІ


Бо калі неперадузята зірнуць на вытокі «Марша студэнтаў», то стане бачна, што канфлікт узнік амаль на роўным месцы, у першую чаргу ­ з­за непрафесійнай працы кіраўніцтва ўніверсітэта. У той момант, калі студэнты прынеслі ў рэктарат 2500 подпісаў, адміністрацыі трэба было заўважыць вялікі ўзровень студэнцкай незадаволеннасці.


Калі б рэктар сустрэўся з нязгоднымі, шчыра паразмаўляў ды дамовіўся на далейшы дыялог і пэўныя кампрамісы ­ ніякіх «Маршаў студэнтаў» ды крытыкі з боку ESU не было б.


Але як жа ­ рэктар будзе размаўляць з нейкімі выскачкамі, крытыканамі­студэнтамі?! Не яго ўзровень! Вось уключыць механізм рэпрэсій, выклікаць студэнтаў на размовы ды пагражаць ім праблемамі за ўдзел у суполках #студэнтысупраць Укантакце ­ гэта па­нашаму!


Прызначаная потым, на час актыўных пратэстаў, сустрэча рэктара БДУ са студэнтамі была ўжо відавочна запозняй. А як толькі незадаволеныя студэнты паабяцалі на яе прыйсці ­ сустрэчу адразу адмянілі. Няўжо дарослы і дасведчаны кіраўнік універсітэта ня здольны адкрыта дыскутаваць з уласнымі студэнтамі?


Хто тут насамрэч двоечнік


Такім чынам, «Марш студэнтаў» прадэманстраваў сістэмныя недахопы беларускай вышэйшай адукацыі. Беларусь не тое што не адпавядае стандартам Балонскага працэсу ­ нашыя ўніверсітэты часцяком не здольныя іх нават зразумець.


За звычайнымі студэнцкімі пратэстамі рэктарат бачыць знешняе кіраванне (апазыцыі, амерыканскага Дзярждэпу, рэптылоідаў ­ патрэбнае падкрэсліць). Самым папулярным механізмам камунікацыі ўніверсітэта са студэнтамі застаюцца рэпрэсіі ды запалохванні. Імкнучыся ўзяць з беларускiх студэнтаў дадатковыя мізэрныя сродкі, адміністрацыя БДУ не заўважае рызыкаў наогул пазбавіцца выгадаў Балонскага працэсу для Беларусі.


Ці не варта адправіць такое кіраўніцтва беларускіх універсітэтаў на пераздачу курсаў па менеджмэнце? Платную пераздачу, вядома.