Вадзім Мажэйка


Апублікавана ў “Белгазеце”


2016г. абвешчаны Годам культуры. Ці будзе ад гэтага карысць і чаго рэальна чакаць беларускай культуры ад насталага году?


Беларуская традыцыя даваць кожнаму году нейкі адмысловы арыенцір нагадвае нешта сярэдняе паміж «Дажынкамі» ды савецкімі лозунгамі «Усе на барацьбу з разрухай!». У лепшых традыцыях мабілізацыйнай эканомікі ўлада абвяшчае пэўную галіну, на карысць якой плануецца прымаць спецыяльныя захады. 


Пры гэтым на тых жа «Дажынках» хоць бы дакладна абіраецца рэгіён, а вось з імянным годам усё вельмі абстрактна. Год кнігі, Год беражлівасці, Год гасціннасці, Год моладзі - тут няма а ні паслядоўнасці, а ні крытэраў абрання, а ні асаблівай логікі. Штучна абвешчаныя з незразумелай нагоды арыенціры, што ні дзіўна, не могуць прывесці ні да якіх якасных вынікаў.


Атрымоўваецца спалучэнне штурмаўшчыны з ашуканствам на месцах. Памятаю, як у мае школьныя часы на патрыятычны куток у класе кожны год зверху навешвалі новы, актуальны, але пусты лозунг (накшталт «Жыву ў Беларусі - тым і ганаруся»), а ўсе матэрыялы пакідалі тыя самыя.


Калі паглядзець на агульнабеларускія штогадовыя патрыятычна-спартова-культурна-ідэалагічныя акцыі, можна пабачыць тую ж самую гісторыю.


Да таго ж у тэмы году няма ні якаснага экспертнага падмурку, ні матэрыяльнага. Падаецца, што Год культуры павінен адбыцца неяк сам па сабе, за кошт агульнай актыўнасці і рэзерваў.


Між тым, працэсы, якія адбываюцца ў беларускай культуры, могуць сапраўды стаць самым значным пазітыўным зрухам-2016. Што праўда, да Года культуры яны будуць мець такое ж дачыненне, якое Нобель Алексіевіч мае да Года кнігі.


Мяккая беларусізацыя перайшла ў новы год у вельмі моцным стане. Гэты грамадска-дзяржаўны трэнд жыве сваім жыццём - у тым ліку і таму, што дзяржаве не хапае ні духу, ні моцы, каб яго кантраляваць.


Адкрытыя крокі па яе прасоўванні - скажам, зацверджанне прэзідэнтам стратэгіі культурнай палітыкі мяккай беларусізацыі - могуць напалохаць Крэмль. Так, беларускае чынавенства і ягоны лідар занадта часта азіраюцца на былую метраполію, але гэтыя іх страхі не безпадстаўныя. Розныя каляўладныя расейскія ідэолагі, якія трызняць пра «рускі свет», турбуюцца не толькі пра Турцыю ды Ўкраіну, але ж і пра «вышиванизацию Белоруссии». Пасля Крыму ўсе ведаюць, наколькі небяспечным можа быць іх лямант.


Да таго ж на сур’ёзную, паслядоўную культурную стратэгію няма інтэлектуальнага патэнцыялу. У выніку маем тое, што маем. Напрыклад, кіраўнік МУС Ігар Шуневіч і кіраўнік федэрацыі футболу Сяргей Румас, старшыня Банку развіцця і былы віцэ-прэмьер, публічна сварацца з-за фанатаў у шаліках з «Пагоняй», якіх затрымалі на футболе ў Барысаве.


І кожны з высокіх чыноўнікаў упэўнены, што ён-та і адстойвае дзяржаўную пазіцыю. Тыя самыя канфлікты і супярэчлівыя дзеянні існуюць і на ніжэйшых узроўнях.


Зрэшты, у выніку гэтай валтузні сур’ёзных перашкод мяккай беларусізацыі дзяржава не стварае. А ў лакальных канфліктах маральную, а то і сутнасную перамогу атрымліваюць як раз прыхільнікі мяккай беларусізацыі. Як гэта было ў гісторыі з кадэтамі, якія апублікавалі ў сацсетках свой фотаздымак у майках з «Пагоняй» пад формай. Выглядала, што справа ідзе па сумнавядомым шляху: ціск на курсантаў, адлічэнне завадатара. Але ж у выніку атрымалася зусім наадварот: усе працягнулі сваю вучобу, а дырэктар вучэльні быццам нават выбачаўся перад хлопцамі.


Пакуль ёсць усе падставы да таго, каб такі трэнд працягваўся і ў 2016г. А гэта значыць, што нас чакае ўсё болей праяваў мяккай беларусізацыі ў культуры ды грамадскім жыцці. Улічваючы, што ў эканамічным плане ў новым годзе нас не чакае нічога добрага, натхняючыя культурныя поспехі мяккай беларусізацыі могуць стаць хіба не адзінай значнай пазітыўнай інфармацыйнай нагодай. І, насуперак усім дзяржнамаганням, 2016г. сапраўды рызыкуе стаць для Беларусі годам культуры.