Вадзім Мажэйка


Апублікавана ў “Белгазеце”


Мінгарвыканкам і яго ідэолагі апошнім часам асабліва заклапаціліся выступамі музыкаў. Пад афіцыйную забарону трапілі беларускі спявак Зміцер Вайцюшкевіч і амерыканцы Onyx. Як такое здарылася, што адна жанчына вырашае за мільёны дарослых мінчукоў, што ім слухаць у клубах? Ці ёсць ад гэтага некаму карысць? 


Незразумела за што забараняе незразумела хто


Такія культурныя забароны ў Мінску здзяйсняюцца пад подпісам Віталіны Рудзікавай, якая адказвае за культуру ў ідэалагічным упраўленні сталічнай адміністрацыі. Пры гэтым у каментарах медыя яна падкрэслівала, што менавіта асабіста слухала музычны матэрыял ды прымала рашэнне. Пры ўсёй паваге да спадарыні Рудзікавай, паўстае пытанне: як так атрымалася, што фактычна галоўным цэнзарам у беларускай сталіцы стаў адзін чалавек, якога ніхто не абіраў і які ў прынцыпе невядомы ў мастацкіх колах?


Пры гэтым Віталіна Рудзікава яшчэ і не абцяжарвае сябе матывіроўкай забарон, а наўпрост спасылаецца на пункт 5 главы 2 прэзідэнцкага загаду N257, дзе проста пералічаныя недапушчальныя ў творчасьці рэчы (прапаганда вайны і экстрэмізму, шкода нацыянальным інтарэсам ды маральнасці і здароўю насельніцтва і г.д.). У выінку цяжка зразумець, чым жа дакладна і дзе вінаваты артыст. Хоць, зрэшты, падвесці творчасць пад гэткія размытыя забароны не так і складана: паспрабуй давядзі, што любая песня пра каханне не вядзе да распусты і не шкодзіць невядомай «маральнасці насельніцтва»!


Вось такія неабдымныя мажлівасці для забарон дае мясцовым ідэолагам той самы загад N257, які яшчэ летам 2013г. зноўку прымусіў арганізатараў канцэртаў атрымліваць так званыя «гастролькі» - дазволы на мерапрыемства ад чыноўнікаў. Цікава, што ў перыяд з 2010г. па 2013г. ў Беларусі гастролек не было, і нічога - нябёсы не абрынуліся, маральнасць ды здароўе насельніцтва быццам бы асабліва не пахіснуліся. Наадварот: працэдура выдачы гастролек «спараджае залішнюю папяровую валакіту і дадатковыя фінансавыя выдаткі. У выніку пакутуюць артысты і гледачы», а іх адмена значыць, што «перашкоды на шляху развіцця сучаснага, цывілізаванага шоу-бізнесу ў краіне зьнятыя … гэта дазволіць дзяржаўным органам планаваць і рэгуляваць гастрольна-канцэртную дзейнасць, не ўшчамляючы інтарэсы гледачоў, артыстаў і прадусараў». І гэтыя цытаты не нейкіх там крытыканаў-апазіцыянераў, а дзяржаўнай інфармагенцыі БелТА: так яна ў 2010г. тлумачыла адмену гастролек.


Усе прайгралі


Калі падсумаваць працу загаду N257, то атрымоўваецца, што ад вяртання гастролек прайгралі ўсе магчымыя бакі.


Гледачы губляюць сваіх любімых артыстаў і мажлівасць як хочуць распараджацца сваім вольным часам. Артымліваецца, што дарослыя людзі не могуць самі сабрацца ў клубе ды паслухаць таго ж Вайцюшкевіча ці забаронены раней гурт Amaroka: спачатку ім трэба атрымаць паперку ад мясцовага чыноўніка, які па нейкіх незразумелых крытэрах і на падставе неагалошаных канкрэтна высноваў можа як дазволіць мерапрыемства, так і забараніць яго.


Мастакі губляюць магчымасць вольна ды публічна прэзентаваць сваю творчасць падчас тых жа канцэртаў ды камунікаваць там з публікай (а творцу часцяком як раз вельмі патрэбная гэткая эмацыйная аддача прыхільнікаў). Фактычна атрымліваецца афіцыйная забарона на прафесію - без гастролькі артыст мае мажлівасць толькі на неафіцыйныя каналы камунікацыі, што відавочна з’яўляецца значным абмежаваннем ягонай творчасці.


Зрэшты, нічога і не выйграе сама дзяржава, якая ўсё гэтае ініцыявала. Смешна спадзявацца, што такімі забаронамі можна спыніць нейкую «крамолу» альбо агулам непажаданыя настроі. Атрымліваецца хіба што раззлаваць артыста і ягоных гледачоў, а таксама забяспечыць гэткай творчасці добры піяр, прыцягнуць да яе ўвагу. Напрыклад, ну забаранялі ў Беларусі пасля 2010г. «Ляпісаў», і што? Яны збіралі стадыёны сваіх белаускіх прыхільнікаў у Вільні ды Кіеве. Ды, як высветлілася пасля распаду гурта, з 2011г. толькі забароны і падштурхнулі іх быць разам, захоўваць гурт ды ствараць тую самую пратэстную творчасць!


Ну а дзяржава раз за разам атрымлівае імідж дзікіх аўтарытарыяў, якія забараняюць у XXI ст. музыку. Пры тым, што практычна ўсе афіцыйна цяпер забароненыя беларускія музыкі так ці інакш усё роўна выступаюць у краіне. А вось рэпутацыя актуальнай цяпер мяккай беларусізацыі і лібералізацыі псуецца.


Так мо хопіць безсэнсоўных забаронаў? Тым больш што чыноўнікам у Беларусі хапае чым заняцца і акрамя чытання маралі музыкам.