Вадзім Мажэйка


Апублікавана ў “Белгазеце”


Кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі прызваў беларусаў выходзіць на пратэстныя пікеты! Што праўда, толькі да кінатэатраў і з нагоды выхаду галівудскай стужкі «Місія невыканальная: племя ізгояў». Што выклікала абурэнне Генадзя Давыдзькі? Аб чым сведчаць звышпатрабаванні беларусаў ды што з гэтым можна рабіць? 


Беларусь як гандляр зброяй. Толькі ў кіно?


Свой гнеў Давыдзька выказаў падчас праграмы «Клуб рэдактароў» на БТ. Па яго меркаванні, новы блакбастэр паказвае Беларусь у неналежным, неадпаведным стане. Што ж такога было на экране?


Сапраўды, новая «невыканальная місія» Ітана Ханта (Том Круз) пачынаецца ў Беларусі: з ваеннага аэрадрому ў Мінску самалёт спрабуе адправіць у Дамаск партыю хімічнай зброі. Тыя самыя разрэкламаваныя кадры, дзе Том Круз без дапамогі каскадзёраў-дублёраў лётае звонку на крыле самалёту, дэманструюць менавіта гэтую беларускую сцэну (здымкі адбываліся, вядома, не ў Мінску).


Дарэчы, калі ўжо падыходзіць прынцыпова, то ў пытаннях гандлю зброяй Беларусь не такая ўжо мяккая ды пухнатая, як гэта можа падавацца з нашага мірнага іміджу. Па дадзеных ААН за 1992-2012гг., Беларусь часам нават уваходзіла ў дзесятку найбуйнейшых экспарцёраў зброі ў свеце. Напрыклад, 121 танк мы даслалі ў Емен, 48 буйнакаліберных артылерыйскіх комплексаў - у Анголу, а 33 баявых самалёта - у тую самую Сірыю, як у кіно! Што праўда, у гандлі хімічнай зброяй Беларусь усё ж не заўважана, а ўсе абвінавачанні ў продажы зброі краінам, якія знаходзяцца пад санкцыямі ААН, так і не былі пацверджаныя.


Ці зняважыў Джэймс Бонд каралеву


Але, у прынцыпе, статыстыка беларускага гандлю зброяй тут не такая і істотная. Спадарства, гэта ж кіно! Там яшчэ і не такое паказваюць, бо гэта ж не дакументалістыка, а мастацкая выдумка! Крыўдзіцца на яе і гіпертрафіраваць значэнне асобнай стужкі для іміджу краіны - гэта праява жудаснага правінцыялізму. Вось, напрыклад, далей дзеянне «Місія невыканальная: племя ізгояў» працягваецца ў Аўстрыі ды Велікабрытаніі. Хіба магчыма ўявіць, каб кіраўнікі Оsterreichischer Rundfunk альбо ВВС пачалі крыўдзіцца на тое, што галівудская стужка неяк «не так» адлюстроўвае іх рэчаіснасць?


А іншы шпіёнскі баявік, «007: Каардынаты «Скайфол»? У самым пачатку стужкі тэрарыст падарваў будынак брытанскай сакрэтнай службы МІ-6 у цэнтры Лондана. Вось жа ганьба для Злучанага Каралеўства, трэба Лізавеце II абурацца! Трэш-баявік «Мачэтэ забівае» і наогул будуецца на тым, што прэзідэнт ЗША наймае эксцэнтрычнага галоўнага героя, каб той выратаваў краіну ад мексіканскага рэвалюцыянера Мэндэса. Без Мачэтэ ЗША вырашыць праблему не могуць, ганебшчына!


Вядома, што ў сталых краінах ніякай афіцыйнай ды нават сур’ёзнай грамадскай рэакцыі быць на такое не можа. Пра гэтыя краіны знятыя тысячы фільмаў, і крыўдзіцца на адзін з іх смешна. Ды і наогул, гэта ж мастацтва, а не навуковы артыкул; мэта галівудскіх стужак - забаўляць гледача ды быць камерцыйна паспяховымі, а не ўслаўляць нейкую краіну.


Крыўда на ўсё жыццё альбо турбізнэс?


Дарэчы, менавіта так, праз кіно, і магчыма разрэкламаваць сваю краіну ды прыцягнуць у яе турыстаў. Ды не спецыяльна, замаўляючы нейкія панылыя патрыятычна-рэкламныя стужкі, а ў прынцыпе выпадкова.


Так, Новая Зеландыя зарабляе мільёны на так званым «Толкін-турызме», калі фанаты прыязджаюць на месцы здымак «Уладара пярсцёнкаў». За часы выхаду стужак, з 2000г. па 2006г., штогадовая плынь турыстаў павялічылася на паўмільён чалавек, мясцовыя турыстычныя чыноўнікі нават называлі «Уладара пярсцёнкаў» «лепшай бясплатнай рэкламай».


Адпаведна расце прыбытак турызма па месцах здымак «Гульні тронаў» - Дуброўніку (Харватыя), Белфасце (Паўночная Ірландыя) ды іспанскай Андалусіі.


Мясцовыя ўлады не скардзяцца, што на іх цудоўных землях пабывалі Цёмны Уладар Саўран альбо сумнавядомыя Ланістары, а наўпрост гэта манетызуюць на карысць краіны.


Менш гневу, больш умоў для працы


Дарэчы, цікава параўнаць цяперашні гнеў Давыдзькі і рэакцыю незалежнай супольнасці на польска-беларускую стужку «Жыве Беларусь». Людзі, ментальна быццам вельмі далёкія ад чыноўнікаў, паводзілі сябе вельмі падобна: маўляў, ганьба, палякі ўсё перакруцілі, у нас іншыя плакаты на вуліцах і іншая прысяга ў войску! Так, відавочна, фільм Крыштафа Лукашэвіча не на ўзроўні «Оскара», аднак шмат якая крытыка дэманстравала той жа правінцыялізм поглядаў, што і ў Давыдзькі цяпер.


Вядома, што сур’ёзны кінатурыстычны бізнэс не зробіш на такіх мімалётных узгадках, якія сёння мае Беларусь у сусветным кінематографе (аэрадром у «Місія невыканальная», самалёт у «Сусветнай вайне Z», беларускі эпізод у серыяле «Таемныя сувязі» і г.д.). Аднак прасоўваць імідж Беларусі ў свеце праз кіно магчыма. Улады нават быцам спрабуюць нечым такім займацца - у верасні павінна адбыцца доўгачаканая прэм’ера такой стужкі «Мы, браты» (больш вядомая як «Авель»). Аднак пакуль вакол яе толькі шэраг скандалаў, у тым ліку пра сумнеўныя фінансавыя схемы.


Замест такіх кінапраектаў, якія толькі забаўляюць усю краіну сваім «что-то не так», сапраўдным клоўнам у галоўнай ролі і каскадзёрам замест рэжысёра, гэтаксама як і замест пікетавання кінатэатраў, беларускай дзяржаве лепш было б засяродзіцца на стварэнні атмасферы для развіцця ў нашай краіне сусветнай ды незалежнай кінавытворчасці.