Вадзім Мажэйка
Серыя блогавыя занатовак пад кляймом «MUST READ» прысвечана апісанню і крытычнай адзнацы кніг, якія аўтар з інтэлектуальным голадам вывучае. Аўтар будзе выказваць сваё суб'ектыўнае меркаванне з нагоды зместу кніг і іх карыснага эфекту. Асноўная мэта серыі «MUST READ» – заінтрыгаваць ці наадварот збіць цікавасць у чытача да таго ці іншага твору.

***

Бадай, гэта будзе першы матэрыял для «Ліберальнага клуба» на беларускай мове. І не выпадкова, што прысвечаны ён будзе аналізу шмат у чым знакавай для беларусаў кнігі – “Адвечным шляхам. Дасьледзіны беларускага сьветагляду” Ігната Абдзіраловіча.

Кніга складаецца з чатырох частак, вельмі розных па свайму настрою і эмоцыям, якія яны выклікаюць

Увесь настрой першай часткі можна знайсьці ўжо ў пачатковых радках:
«Нашы часы - часы агульнай заблутанасьці, часы паўстаньня праменных, быццам, ідэалаў й іх канечнага зьніканьня праз нядаўгі час... Тое, што раней здавалася чыстым і сьветлым, штодзенна аплятаецца жыцьцёвым брудам і пылам. Так зьнікаюць праменныя ідэалы, пакідаючы роспач і безнадзейнасьць»

І, чытаючы першую частку далей, усё так жа чытаеш не пра пачатак ХХ стагоддзя, калі аўтар выпісваў гэтыя словы ў Вільне, а пра нашыя часы. Нават і Вільня для беларусаў тая ж. У некаторых момантах прадказанні аўтара на 70 год наперад неймаверна уражваюць: “Першы беларускі Ўрад, што стаяў на грунце прыцыповай незалежнасьці, не дасягнуў ніякіх практычных вынікаў. Першымі спробамі «рэальнай» палітыкі былі спробы яго наступнікаў” (пар. з часамі Пазняка - Лукашэнкі). Ёсць у Абдзіраловіча і нават актуальная крытыка НДА ды бізнэса:
“Трэба прызнаць, што ня толькі ўрады ўжываюць канцэлярыю; яе дух прабіваецца туды, дзе павінна была б працаваць творчая сіла: ў перадавыя партыі, профэсыянальныя саюзы, каапэратывы. Дух зьмярцьвеласьці вісіць над усёй грамадзянскай працай. ”

Нажаль, гэта я ж актулаьнасць і дае падставы да найвялікшага песімізму, які выклікае гэты твор. Ён працяты любоўю да Беларусі (каб не казаць “нацыяналізмам”, нават у самым добрым сэнсе), ён поўны веры веры ў беларусаў –
“І вось зараз … беларускі народ  … прабуджаецца да жыцьця, да шуканьня новых ідэалаў, да стварэньня новых падставаў чалавечага жыцьця”, “Але зараз прыходзяць часы…”.

Калі паглядзець, што аўтар кажа гэта амаль 90 год таму, а нічога за гэты час істотна не змянілася, то веры ў гэткія лозунгі неяк не дастае.

Поўніцца твор апраўданнямі беларускага народа (“Ваганьне паміж Захадам і Ўсходам і шчырая няпрыхільнасьць ні да аднаго, ні да другога … Гэтую рысу беларуская народная інтэлігэнцыя захавала і да нашай пары, але, як бачым, на тое ёсьць гістарычныя прычыны”) і кампліментамі беларусам, якія выглядаюць часам нават трошкі смешнавата – “Часы Гэдыміна … часы Альгерда і Вітаўта даводзяць, што беларускі народ выказаў шмат гаспадарсьцьвеннай, арганізацыйнай здольнасьці”

Другая і трэцяя часткі прысвечаны агульнафіласофскім разважанням аб тым, што ўсё – і на Захадзе, і на Ўсходзе, – Беларусі не падыходзіць і, па сутнасці, наогул дрэннае.
“Каб запеўніць нашаму народу вольную творчасьць ува ўсіх галінах жыцьця, трэба стварыць і адпаведныя, свае, беларускія, формы жыцьця.” – гэта б з задавальненнем сказаў бы і Лукашэнка, разважаючы пра “асаблівую беларускую мадэль”.

І гэтым вызначаецца даволе-такі скептычны погляд, якім зараз цяжка не зірнуць на шматлікія разважанні аўтара.

Да таго ж, Абдзіраловіч часам дазваляе сабе мякка кажучы спрэчныя выказванні, прычым у безапеляцыйнай форме, накшталт
“Рымскае, а яшчэ раней Грэцкае гаспадарства згінулі з прычыны духовай распусты, дэморалізацыі”.

А Царква чамусьці з’яўляецца ў Абдзіраловіча прыкладам рацыянальный мадэлі светаўспрымання.

Кароткая чацвёртая частка спрабуе стаць адказам на пытанне, якое фармулюецца ў чытача цягам мінулых частак:
“Калі ты такі разумны, Аўтар, то адкажы ж, як трэба жыць грамадству? А то ўсі і ўсё табе не да спадобы, дык дай свой файны варыянт!”.

На некалькіх старонках аўтар апісвае найлепшы, на яго думку, лад жыцця, разважаючы аб кааператывах, якія носяць не толькі эканамічны характар, але з’яўляюцца адзінымі структурамі грамадства, з усімі сваімі характарыстыкамі – вольнасцю аб’яднання, адсутнасцю прымуса, правам уласнасці і г.д.

Пасля гэтага Абдзіраловіч слушна заўважае, што,
“тыя погляды, якія тут выяўлены, шмат каму здадуцца анархізмам”

і ў адрозненне сваіх тэорый ад анархізма дадае расейскую частушку:
«Анархистик утащил

Полушубок тёткин,

Ах, тому ль его учил

Господин Крапоткин?»

Цікава, што, па сутнасці, Абдзіраловіч разважае аб анраха-капіталізме – радыкальнам напрамку лібертарыянства. Гэта не прапісана ў яго дакладна ды ўзорна –вядома, бо ў аўтара відавочна не было тэарэтычнай базы. Гаворку тут можна весьці аб так званым “стыхійным лібертарыянстве”, як трапна азначыў такія выпадкі Каха Бендукідзэ.

Невясёлае падсумаванне

Пры ўсёй любові да аўтара, які так ці інакш, але распаўсюджвае ідэі лібертарыянства, напрыканцы гэтай нататкі я вымушаны зрабіць невясёлае падсумаванне.

Першая частка цікавая хіба што толькі беларусам, ды і то, мабыць, у вялікай ступені – з-за гістарычных паралеляў з сучаснасцю. Другая і трэцяя наогул падаюцца міксам даволе банальных меркаванняў, пры тым пададзеных вельмі суб’ектыўна. Чацвёртая, па стунасці, ёсці даволе няякасным пераказваннем ідэй анарха-капіталізму.

Так, зразумела, для аўтары меркаванні із частак 2-3 банальнымі не былі, а частку 4 ён пісаў сам (а не пераказваў нейкі там анарха-капіталізм), і пісаў з душой. З гэткага бацькоўскага пункту гледжання – мауляў, наша дзіця, беларускае, во як добра робіць! Але ж калі разглядаць гэта як галоўны твор “першага з беларускіх нацыянальных філосафаў” ці нават “ключавы код, што дае магчымасць наблізіцца да разумення марфалогіі беларускага этнасу, сутнасці нацыянальнага характару і ментальнасці беларусаў, адметнасці і ўніверсалізму беларускай душы” – то, шчыра кажучы, твор падаецца другасным і цікавым хіба што як абект для даследвання беларускай філасофіскай думкі. Цікавасці з агульнафіласофскага пункту гледжання ён не выклікае, прынамсі ў мяне. Арыстоцель да Кант цікавыя і без удакладнення іх нацыянальнасцяў. Чаго, на жаль, пра Абдзіраловіча я сказаць не магу.

P.S. Альтэрнатыўныя меркаванні аб творы Ігната Абдзіраловіча вы можаце знайсці па спасылках крыху вышэй. Выказвайце вашыя ўласныя меркаванні ў каментарах да гэтай нататкі!

НАЙЛЕПШАЯ ЦЫТАТА КНІГІ:


“Трэба памятаць, што жыцьцё цячэ, што душа чалавека не стаіць, што чалавек павінен укладаць сваё жыцьцё так, як яно разьвіваецца і ліецца. Нажаль, гэта - незразумела і нячутна. Гэтае права гвалцяць і над ім зьдзекуюцца ад часоў, калі палалі жывыя вогнішчы Нэрона і сьв. інквізыцыі і да нашых часоў кулямёту і гумовай палкі”