Вадзім Мажэйка

Новы раман Артура Клінава зрэшты заінтрыгаваў мяне да такой ступені, што я зайшоў да Логвінава ды набыў сабе томік. Водгукі хоць і былі супярэчлівыя, але ж з большага падштурхоўвалі да чытання: быццам новы па падыходзе раман, быццам дакладна пераданая беларуская андэграўндная сучаснасць. Атрымалася, што ў прынцыпе ўсё так яно і ёсць, но нічога цікавага тут няма. Але ж па парадку.

Па-першае, гэта фабула. Раман складаецца з двух частак: гістарычна-містычныя паходжанні шляшціча Завальні ды сучасна-андэграўндная гісторыя «кахання» аўтара. Шчыра кажучы, абедзьве выглядаюць нейкімі незавершанымі, але не ў тым сэнсе, што нас чакае «Шклатара-2», і не ў тым, што крыху недагавораная гісторыя выглядае часам больш прывабнай. Не. Тут адсутнічае та частка, якая б надавала падзеям сэнсу. Ключык, ад якога ўсё стане на свае месцы. Тое, чаго чакаеш увесь тэкст. Хто такая Маша, што з ёй здарылася перад пачаткам ранана, чым яна займаецца ды ў чым сакрэт пераменаў яе настрою? Калі атрымоўваецца, што ні ў чым, сакрэтаў няма, а ўнутры – пустэча, то гісторыя губляе сэнс разам з галоўнай гераіняй. Прыкладна тое і з гістарычна-містычнай часткай: хто і нахалеру закручваў інтрыгу з Завальнямі? Пры чым тут уся гэтая містыка ды забойства Імператара?

Можна, канечна, постмадэрністскі знайсці ўсе адказы самому, дадумаць, але ж пасля сканчэння «Шклатары» гэтага чамусьці ня хочацца рабіць.

Дарэчы, пра постмадэрн. Пункт другі: канструкт рамана. Дзве гісторыі, закручаныя спіраллю (часам амаль бачнай, часам – выстаўленай напетак); дастаеўска-шэкспіраўскія адсылкі; сучасная мінская андэграўндная рэчаіснасць. Шчыра кажучы, рэалізм сучаснай часткі – адзін з галоўных эпік фэйлаў рамана. Аўтар старанна апісвае рэчаіснасць 2010 году, засяроджваючы шмат увагі на дэталях: гісторыя гатэлю «Еўропа», характар Саннікава & Co, тэледэбаты кандыдатаў-2010, «Ў» ды «Малако», палітычныя наметы ля ГУМа, душэўны Кастусеў, дыпламатычныя папойкі ў IBB. Але ж чытачу «Шклатары» усё гэта дакладна знаёма – тыя, хто чытае кнігі «падполля» ды «гета», былі на Плошчы, гляделі тэледэбаты, тусілі ў «Малаке» ды занёмыя з Кастусевым. Звучайна такая сувязь прываблівае да раману, але ж тут аўтар змог тым жа сродкам чытача замарудзіць.

Ні адно з шматлікіх ды шматслоўных адступленняў пра беларускую сучаснасць ня ўтрымлівае ў сабе анікроплі новага. Навошта мне чытаць старонкі пра тэледэбаты, дзе мне ў соты раз разжуюць, у чым там быў сэнс?! Якая асалода ў прагаворванні версій «Хто біў шкло 19 снежня»?.. Адзінае, што аўтар дадае да агульнавядомых фактаў – гэта выснову, што «ГП» без сумневу цалкам маскоўскі праект. Мякка кажучы, не арыгінальна...

Зрэшты, па-трэцяе, вынікі. Адзін герой здымае за 50 баксаў двух віленскіх прастытутак ды хуценька робіць сваю справу, пакуль за пагадзінны пакой не трэба плаціць яшчэ 20 літаў.  Другі герой зрэшты накіроўваецца забіваць Імператара Александра і потым удала гэта зробіць. Самае дзіўнае, што іх, у прынцыпе, можна ў гэтым апісанні памяняць месцамі, бо матывацыя герояў на працягу ўсёй кніжкі застаецца па-за кадрам. І калі ў сучаснасці гэта можа хавацца за словамі «а ён жа па-першае закаханы, па-другое амаль увесь час п'яны», то дзеянні Яна Завальні дакладна выглядаюць як у фільме катэгорыі «В», дзе герой без прычын і логікі скача па нітках сюжэта.

Чытаецца кніжка лёгка, але напрыканцы застаецца пустэча. Таго, да чаго ты ішоў 300 старонак, няма. Ад салаткі з ласосем, якую я еў 4 дні таму ў бары «Ў» пасля візіта да «Логвінава» за «Шклатарай», і цяпер засталося больш густу, чым ад толькі што прачытанага томіка.