Яўген Прэйгерман


Апублікавана ў газеце «Звязда»

Апошняе дзесяцігоддзе ў дыпламатычных ды экспертных колах адносіны Беларусі і палітычнага Захаду звычайна характарызавалі тэрмінам «замкнёнае кола». Справа ў тым, што ў іх раз за разам паўтараліся адны і тыя ж этапы. Бакі быццам рухаліся па адным і тым жа коле і ніяк не маглі выйсці на нейкі новы ўзровень. Сёння выглядае так, што традыцыя можа спыніцца. Прынамсі, так усім хацелася б, і так усім было б карысней. 


Замкнёнае кола беларуска-заходніх адносін так ці інакш было звязана з прэзідэнцкімі выбарамі ў нашай краіне. У самым агульным выглядзе працавала такая схема: перад выбарамі ў адносінах з Еўрасаюзам і ЗША назіралася паляпшэнне, а пасля — хуткае пахаладанне. Не будзем цяпер разбіраць, чаму так адбывалася: у кожнага з бакоў была і ёсць свая трактоўка. Але ж тэндэнцыя была відавочнай.


Перад і на працягу прэзідэнцкай кампаніі гэтага года ўлады Беларусі неаднаразова казалі, што хочуць нарэшце парваць з гэткай цыклічнасцю. У прыватнасці, адназначна пра гэта выказаўся ў маі ў інтэрв’ю амерыканскай газеце The Washіngton Post міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей. «Мы ў Беларусі не хочам, каб гэтыя выбары зноў праходзілі па прынцыпе цыклічнасці: да выбараў у нас добрыя адносіны, а пасля выбараў — зноў дрэнныя», — сказаў тады міністр.


Тое ж самае я апошнія гады чуў і на Захадзе, ад амерыканскіх і еўрапейскіх дыпламатаў і палітыкаў. І гэта не дзіўна, бо мала каму хочацца працаваць некалькі гадоў на нармалізацыю адносін, а потым у адно імгненне ставіць крыж на вялікай дыпламатычнай працы.


А праца сапраўды зроблена за мінулыя гады немалая. Спробы палепшыць адносіны пасля іх апошняй «замарозкі» пачаліся напрыканцы 2012 года. Шматлікія дыпламатычныя кантакты, што мелі месца ў 2013 і 2014 гадах, паступова прывялі да ўзнікнення змястоўнага і ўзаемавыгаднага парадку дня. Напрыклад, з Еўрасаюзам пайшла дыскусія пра перспектывы тэхнічнага і сектаральнага супрацоўніцтва, паляпшэння гандлю, прыцягнення інвестыцый у беларускую эканоміку. Таксама пачалі размаўляць пра магчымасць прасоўвання па візавых пытаннях: у прыватнасці, пра заключэнне так званых пагадненняў па візавай фасілітацыі і лібералізацыі. Прайшлі некалькі раўндаў кансультацый па пытаннях мадэрнізацыі.


У адносінах са Злучанымі Штатамі таксама можна было назіраць добрую дынаміку, хоць яна была менш заўважнай для неспецыялістаў. Мінск і Вашынгтон дамовіліся аб стратэгіі «малых крокаў», якая прадугледжвала магчымасць паступовай актывізацыі супрацоўніцтва па тых пытаннях, якія не вылікалі ў бакоў вялікіх супярэчнасцяў. Больш складаныя ж пытанні было вырашана часова вынесці за дужкі.


Вельмі важным для такой станоўчай дынамікі ў адносінах з заходнімі партнёрамі было рашэнне Аляксандра Лукашэнкі вызваліць асоб, якіх на Захадзе называлі палітзняволенымі. Зноў жа: можна доўга спрачацца наконт самога гэтага тэрміна — «палітзняволеныя» — але ж не гэта галоўнае. Важна тое, што падчас нармальнага перамоўнага працэсу бакі паступова рухаюцца ў напрамку ўзаемных кампрамісаў, так ці інакш ідуць адзін аднаму на саступкі. І калі такі ўзаемны рух працягваецца, то ў прыбытку застаюцца ўсе.


Менавіта так — узаемна выгадна — гэтая дынаміка выглядае і пасля прэзідэнцкіх выбараў, якія прайшлі 11 кастрычніка. Ужо на другі дзень пасля галасавання міністры замежных спраў краін Еўрасаюза прынялі палітычнае рашэнне прыпыніць санкцыі ў дачыненні да Беларусі. У апошнія дні кастрычніка адбылося і юрыдычнае афармленне гэтага рашэння.


Праўда, пакуль рашэнне застаецца частковым, бо санкцыі прыпыняюцца толькі на чатыры месяцы — да канца лютага наступнага года. Але тут трэба разумець некаторыя асаблівасці дыпламатычнага працэсу.


У Еўрапейскім саюзе ажно 28 краін, якія разам распрацоўваюць і прымаюць супольныя знешнепалітычныя рашэнні. Зразумела, што сярод такой колькасці краін і іх прадстаўнікоў ёсць самыя розныя погляды. Некаторыя з гэтых краін увогуле не цікавяцца беларускім напрамкам, бо знаходзяцца ад нас далёка і не маюць асаблівых гандлёвых ці гуманітарных стасункаў. Для іншых жа Беларусь з’яўляецца вельмі важным, стратэгічным, суседам. Кампраміс тут, як можна здагадацца, знайсці не так лёгка.


Больш за тое, трэба разумець, што пасля доўгіх гадоў згаданай намі цыклічнасці ў адносінах Беларусі з Захадам узровень узаемнага даверу зусім не высокі. І гэта класіка міжнародных адносін: павышаць давер можна толькі паступова, праз доўгую і пакрокавую сумесную працу.


Тое ж самае можна сказаць і пра Злучаныя Штаты. Дарэчы, там у палітыцы ў дачыненні да Беларусі яшчэ больш складанасцяў. Дыпламаты і прадстаўнікі выканаўчай улады значна абмежаваныя ў сваіх знешнепалітычных паўнамоцтвах Кангрэсам. А ў кангрэсменаў логіка дзеянняў свая: кожны іх крок мусіць выглядаць прывабна ў вачах іх выбаршчыкаў, якія ў сваёй большасці асабліва не разбіраюцца ў знешнепалітычных праблемах і ацэньваюць усё ў дастаткова спрошчаных катэгорыях. Таму ў Кангрэсе (як і ў любым іншым парламенце) так шмат папулізму.


Але ж зноў падкрэслю галоўнае — пазітыўную дынаміку, якая развіваецца апошнія тры гады і якая толькі ўзмацняецца пасля прэзідэнцкіх выбараў. Цяпер неабходна падтрымліваць працэс у менавіта такім рэчышчы, што, зноў жа, адпавядае ўзаемным інтарэсам бакоў.


Прытым не трэба чакаць на заходнім вектары нашай знешняй палітыкі нейкіх прарываў ці проста вельмі хуткага прагрэсу па ўсіх кірунках. Гэта аб’ектыўна немагчыма, ды і не патрэбна. Бо падчас хуткага руху па-за ўвагай звычайна застаюцца важныя дэталі, без якіх працэс рана ці позна страчвае ўстойлівасць. Галоўнае — нарэшце канчаткова парваць з «замкнёным колам» і зрабіць нашы адносіны проста нармальнымі.