Вадзім Мажэйка


Апублікавана ў “Белгазета”


Рэктароў будуць абіраць ва ўніверсітэтах, ды ўжо з верасня - міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў здівіў акадэмічную ды студэнцкую супольнасць такімі рэвалюцыйнымі заявамі. Беларусь раптоўна набліжаецца да еўрапейскіх дэмакратычных стандартаў? Альбо выбары рэктароў будуць «з беларускай спецыфікай»? Чаму наогул загаварылі пра выбарнасць рэктароў? 


Тры склізкіх моманта анансаванай выбарчай сістэмы


Сёння рэктароў беларускі ўніверсітэтаў альбо наўпрост прызначае асабіста прэзідэнт, альбо Мінадукацыі. Ці змянее нешта новая мадэль, прапанаваная міністрам Жураўковым?


Шчыра кажучы, ня шмат. Канчатковае юрыдычнае рашэнне пакуль што не прынятае, цяпер толькі «мяркуецца распрацаваць сістэму» (хто і з якой якасцю будзе гэта рабіць за адзін летні месяц?). Але ж агульная логіка новай сістэмы ўжо зразумелая са словаў міністра: «Кандыдат у рэктары павінен будзе прадставіць у савет універсітэта сваю праграму дзеянняў, савет універсітэта будзе разглядаць усе праграмы кандыдатаў і лепшыя будуць зацвярджацца саветам і падавацца ў міністэрства». Ну а ў Мінадукацыі будуць вырашаць: пагадзіцца з прапановай універсітэта альбо пранапаваць сваю кандыдатуру.


Такім чынам мы маем як мінімум тры склізкіх моманта прапанаванай «рэформы».


Па-першае, канчатковае слова і паўнамоцтвы ўсё роўна застаюцца за міністэрствам. Відавочна, што яно ніколі не зацвердзіць кандыдатуру апазіцыйнага рэктара - ці то ня згоднага з мінулай палітыкай Мінадукацыі і прызначанага ім мінулага рэктара, ці то «ненадзейнага» у шырокім палітычным сэнсе. То бок вы там сабе выбірайце, а мы потым вырашым, годна вы выбралі альбо не і які канчаткова будзе вынік. Сапраўднымі выбарамі тут і не пахне.


Па-другое, гэта сумнеўная дэмакратычнасць і рэрэзентатыўнасць саміх саветаў універсітэтаў, якія будуць абіраць рэктароў. Сёння яны больш нагадваюць фармальныя савецкія камісіі, чым вольныя сенаты. У Беларусі няма выпадкаў, калі савет універсітэта стаў бы ў адкрытую фронду рэктару па нейкіх спрэчных пытаннях - напрыклад, заступіўся за калег, якіх звальняюць па грамадска-палітычных прычынах, як гэта было ў Гродненскім універсітэце. Зрэшты, тут і адказ на пытанне «чаму?» - сябры саветаў універсітэтаў і самі баяцца за сябе ды свой далейшы лёс ва ўніверсітэце, бо ніхто не застрахаваны ад рэпрэсій ды ціску вышэйшай адміністрацыі.


Асабліва гэта тычацца студэнтаў - дарэчы, іх у савеце па законе павінна быць 25%, але ж гэтая норма масава парушаецца, што фіксуе і «Маніторынг парушэння правоў і акадэмічных вольнасцяў студэнтаў», што рыхтуецца незалежнай СтудРадай. Яго каардынатарка Марына Штрахава нават звярталася ў пракуратуру, але ж студэнты ўсё роўна недастаткова ўдзельнічаюць у кіраванні ўніверсітэтамі.


Зрэшты, па-трэцяе, савет ўніверсітэта ды нават гіпатэтычна дэмакратычна абраны ім рэктар не кіруюць універсітэтам у Беларусі! Бо нашыя універсітэты не маюць адпаведнай аўтаноміі - дарэчы, аднаго з прынцыпаў Балонскага працэсу, да якога Беларусь далучылася ў маі гэтага года. У сваёй адукацыйнай, фінансавай ды будзь-якой іншай палітыке беларускія ўніверсітэты ўсё роўна падпарадкоўваюцца Мінадукацыі. Вольна распараджацца атрыманымі ад студэнтаў грашыма альбо зацвяржаць свае асабістыя адукацыйныя праграмы ды стандарты ўніверсітэт не можа. А ў такім выпадку што з таго, што рэктара будуць выбіраць? Сапраўднай улады-та ён усё роўна не мае.


Еўрапейцы патрабуюць рэформ, Беларусь спрабуе выкруціцца


Адкуль наогул у Мінадукацыі з'явілася ідэя зрабіць пасаду рэктара выбарчай, што за разугл дэмакратыі - хай сабе і на словах - ў стабільнай краіне?
Уся справа ў тым самым Балонскім працэсе. Беларусь туды прынялі не проста так, а з прад'яўленнем так званай «дарожнай мапы» - спісу неабходных рэформаў, выкананне якіх перад наступным самітам краінаў Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі пракантралююць адмысловыя эксперты. І паколькі Беларусь зацікаўленая ўдзельнічаць у Балонскім працэсе, столькі год туды імкнулася, то цяпер рэформы трэба неяк выконваць.


Але, вядома, ня хочацца і ня можацца. Бо мэтай рэформаў з'яўляецца выбудова моцных незалежных універсітэтаў, якімі дэмакратычным шляхам кіруюць прафесары і студэнты. А ў межах беларускай мадэлі, вядома, трэба захоўваць дзяржаўны кантроль над гэткімі патэнцыйнымі крыніцамі вольнадумства.


Таму і нараджаюцца такія псеўдарэформы: зрабіць знешне па-еўрапейску прыгожа, быццам ва ўніверсітэты прыйшлі выбары, дэмакратыя і вольнасці, а насамрэч пакінуць кіраванне беларускімі ўніверсітэтамі ў руках Мінадукацыі.