Андрэй Старжынскі

Месяц сакавік сам па сабе спрыяльны для пошукаў глыбіннага сэнсу, прынамсі з нагоды Вялікага Посту. У гэтым годзе самаспазнавальны настрой не абмінуў і калег-лібералаў: артыкул Яўгена Прэйгермана “Все гораздо сложнее, чем кажется либералам!” как центральный аргумент против идей свободы” выступіў неблагой уверцюрай да круглага стала “Определимся с понятиями в белорусской политике: что значит «быть либералом» и как не запутаться в терминах?".

З гэтай нагоды ўзьнікла неабходнасць заняцца блёгатворчасцю і ў вашага непакорлівага гаспадара. Паспрабую даць адказ глыбокапаважанаму (без іроніі) калегу-апаненту і разабрацца ў тым, чаму ўсё сапраўды не так проста?

Чаму ўсё зусім складана?

Філязофска-аксіялагічным ядром лібералізму з’яўляецца вучэнне аб незалежнасці ісціны і дабра ў дачыненні да аб’екта (прадмета).

Ключавой дэфініцыяй гэтага вучэння з’яўляецца рэлятывісцкі суб’ектывізм. Не адбіраючы хлеб у філёзафаў патлумачу гэта на прынцыпе “зялёнага блакноту”, які неаднаразова выкарыстоўваў у школе з дзецьмі. Сутнасць яго ў тым, што калі мы (суб’ект) глядзім на зялёны блакнот (аб’ект), мы робім выснову, што ён менавіта зялёны (а не чырвоны ці шэры) на падставе таго, што ён рэчаісна зялёны, то бок, прыймаем рашэнне на падставе ўласцівасцяў аб’екту. У сваю чаргу, базавым прынцыпам рэлятывісцкага суб’ектывізму з’яўляецца меркаванне, што ісціну творыць свядомасць, што ў нашым выпадку абазначае, што блакнот зялёны не таму, што ён зялёны, а таму, што мы вырашылі, што ён зялёны. Калі ж я (індывід) вырашаю, што блакнот чырвоны, то ён чырвоны. Мая жонка вырашыць, што ён белы і ён белы, а Яўген Прэйгерман назаве яго фіялетавым і ён будзе фіялетавым. Самае важнае тое, што ніхто не мае права імператыўна вызначыць, якога колеру блакнот.

Гістарычна мы абавязаны гэтым усяго чатыром персанажам: Лютару, Картэзію, Канту і Руссо. І ўсё б класна і рознакалярова, але тут схавана самая галоўная міна лібералізму: пазбаўлены здаровага сэнсу суб’ект робіцца безабаронным перад грамадскім меркаваннем (Руссо). Працягваючы алегорыі з блакнотам, калі Яўген Прэйгерман, мая жонка і ўвесь “Ліберальны клюб” хорам вырашаць, што блакнот чорны, як бы я не выпадаў у асадак ад супярэчнасці паміж тым, што ёсць у рэале (блакнот зялёны) і агульнай пазіцыяй (чорны), я застануся ў меньшасці і на ўсіх узроўнях нашых стасункаў будзе лічыцца, што блакнот чорны.

Галоўнае тэхнічнае пытанне – як зрабіць так, каб усе дзеючыя асобы сыйшліся на меркаванні, што блакнот чорны?

У дачыненні да праблемаў, ўзьнятых сп. Яўгенам, тут мы можам убачыць парадаксальную на першы погляд прычынна-выніковую сувязь: паколькі існуе тэхнічная, прававая і філязофская мажлівасць прызнаваць белае чорным, нішто не перашкаджае, пры наяўнасці адпаведных рэсурсаў, займацца тым самым сацыяльным канструяваннем!

Набор інструментаў для маніпулявання грамадскай думкай шырокі і вядомы: СМІ, прапаганда, рэкляма і г.д. На гэтым пабудаваныя абсалютна ўсе таталітарныя рэжымы і “грамадства спажывання”. Па сутнасці, вымалёўваецца наступная карціна: суб’ект атрымоўваючы свабоду ў-ва ўсёй паўнаце ліберальных канонаў (у т.л. і агучаных у артыкуле сп. Яўгена), выходзіць на дарогу натуральнага рабства, горшага за тую “несвабоду”, якая існавала ў традыцыйным грамадстве.

Другі важны аспект праблемы наўпрост вынікае з першага і звязаны з дэфініцыямі задаволенасці і камфорту, якія могуць дасягацца двума шляхамі: праз стварэнне і праз спажыванне.

Камфорт ад стваральнай дзейнасці з’яўляецца у першую чаргу вынікам задавальнення духоўных патрэбаў суб’екта і, зразумела, патрабуе адпаведных намаганняў, якія ў сваю чаргу часта датычаць некаторых абмежаванняў у спажыванні. У гэты ж час спажыванне, як правіла, асаблівых высілкаў не патрабуе, за выключэннем намаганняў па здабыванні рэсурсаў для спажывання.

Маючы мажлівасць такога выбару і не будучы абцяжараным нейкімі вышэйшымі ўстаноўкамі, суб’ект з большай верагоднасцю абярэ шлях найменьшага супраціву – гэта закладзена ў самой прыродзе чалавека і знайшло адлюстраванне ў эканамічных адносінах.

Дзеянне дадзенага прынцыпу выдатна назіраецца на прыкладзе “грамадства спажывання”, прычым незалежна ад узроўню даходаў. Па меры росту матэрыяльнага дабрабыту тэндэнцыя абвострваецца і паглыбляецца.

Ядром традыцыйнага хрысціянскага грамадства з’яўляецца сям’я, асноўная мэта якой – нараджэнне і выхаванне дзяцей, без чаго, у сваю чаргу немажліва ні простае ўзнаўленне народа, ні здаровыя ўзаеміны паміж людзьмі, ні грамадская гармонія, ні пабудова канкурэнтаздольнай эканомікі. Пры гэтым, сямейнае жыццё немажліва без ўзаемапавагі, узаемапаразумення і самаахвярнасці, то бок, вузлавой дэфініцыяй з’яўляецца ўжо не індывід са сваёй воляй і жаданнямі, а менавіта сям’я.

Лібералізм, у сілу вышэйапісаных момантаў, знішчае падмурак сям’і як такой, паколькі вольны ад вышэйшых каштоўнасцяў і пачуцця абавязку індывід не мае ніводнай важкай прычыны для якогасці самаабмежавання і самаахвяравання на карысць іншага чалавека, народа, дзяржавы, Бога. Які ў-ва ўсім гэтым сэнс, калі мерай ісціны з’яўляецца менавіта індывід?

Аднак, як ужо адзначалася, індывід безабаронны перад грамадскім меркаваннем, якое ў сваю чаргу сфармавана з дапамогай маніпулятыўных методаў і абслугоўвае інтарэсы тых, хто валодае рэсурсамі. Гаворка тут можа весціся не абавязкова пра дзяржаву, алігархаў, дыктатара і тым больш не пра сусьветную масонскую змову. Усё можа скласціся “аб’ектыўна”: усім прадаўцам трэба прадаваць свае тавары і лагічна, што калі чалавек не можа супрацьстаяць спакусам ён выгадны рынку, паколькі будзе набываць болей, чым той, хто замарочваецца пра нейкія нематэрыяльныя каштоўнасці. Калі праводзіць паралелі з жывёламі, воўк прыгожа ператвараецца ў сьвінню! Для паўнаты карціны дабавім пастаянныя сямейныя скандалы і паўсюднае стаўленне да чалавека як да рэсурса. А за “право индивида свободно владеть и распоряжаться собственным телом” заплацілі і плоцяць мільёны ненароджаных дзяцей!

Менавіта па такім алгарытме прайшлі калісці ліберальныя, а цяпер “сацыял-дэмакратычныя” краіны Эўропы. Статыстыка пазык, шлюбаў/разводаў, нараджальнасці і абортаў кажа сама за сябе.

Чаму ўсё складана з беларускай эканомікай?

Неаднаразова даводзілася ўступаць у дыскусіі з лібераламі і на прадмет вырашэння праблемаў беларускай эканомікі. Ні ў якім разе не абараняючы існуючую мадэль неабходна разумець, што дзеля таго, каб пабудаваць паўнафарматную рынкавую эканоміку ў гэтай краіне, неабходна вырашыць пытанне: што рэальна рабіць з дзяржаўным сектарам?

Усеагульная прыватызацыя выдатна гучыць як лозунг, але, як паказвае практыка, упарта не жадае прыводзіцца ў выкананне. Тут, безумоўна, асноўная віна на палітычным кіраўніцтве рэспублікі – “вшиво-блошиная” рыторыка, нацыяналізацыі, спісы ўмоў для прыватызацыі, адсутнасць фондавага рынку і інш., відавочна працэсу не спрыяюць. Бяда ўся ў тым, што нават пры аднамомантавым адхіленні названых чыннікаў, інвестары не зшыхтуюцца ў чаргу па нашыя фабрыкі/заводы, хоць бы з прычыны іхняй жудаснай тэхналагічнай адсталасці. Можна канешне іх зачыніць альбо даць разваліцца самастойна, але гэта не толькі не вырашыць эканамічных праблемаў, але створыць вэрхал сацыяльных.

Па гэтым пытанні мне блізкая пазыцыя сп. Аляксандра Абуховіча, таму не бачу сэнсу паўтарацца.

Дзе выйсце?

У сухой астачы і атрымоўваецца як у гісторыі з Евай, Адамам і “яблычкам”: хацелі зрабіцца багамі, а на выхадзе проста вылецелі з Раю. Свабода не павінна быць фетышам і самамэтай – гэта толькі сродак рабіць дабро! Толькі пры такім раскладзе яна не будзе разбуральнай і не прывядзе ў рабства.

Менавіта па гэтай прычыне галоўнай мішэньню лібералізму ў-ва ўсе часы былі Каталіцкі Касцёл і традыцыйнае хрысціянскае грамадства – ў вышэйузгаданай гісторыі Зьмей менш за ўсё думаў пра людзей. Вера і Традыцыя – гэта тыя самыя падмуркі, на якіх абапіраецца суб’ект, каб не згубіць здаровы сэнс і не зрабіцца часткай шэрай маніпулюемай масы.

Як маленькая ілюстрацыя замест P.S.: “Или, например, из определения Джона Локка. Он утверждал, что индивид создан Богом, а значит, каждый индивид имеет право на собственные убеждения, верования и религиозные практики.” Пытанне нумар раз: адкуль у створанага Богам індывіда права на вераванні і рэлігійныя практыкі, адрозныя ад веры ў Бога, які яго стварыў?