Андрэй Старжынскі

Зярняты майго папярэдняга артыкулу “Усё сапраўды значна складаней, чым здаецца лібералам: нацыянал-кансэрватыўны адказ Яўгену Прэйгерману” патрапілі на спрыяльную глебу і выклікалі дастаткова характэрную і бурную рэакцыю ліберальнай грамадскасці, агаліўшы якраз тыя слабыя мейсцы ліберальнай ідэялогіі, якія нівелююць усе прыгожыя на першы погляд прынцыпы і лозунгі, робячы іх проста непрацаздольнымі ў рэале.

Пытанні без адказу.

“Пра асноўныя прынцыпы лібералізму мы ўжо разважалі ў папярэднім матэрыяле. Спіс гэтых прынцыпаў, вядома, няпоўны і можа дапаўняцца больш дэталёвымі пунктамі. Да таго ж, пры паглыблёным аналізе паўстаюць розныя тэарэтычныя і практычныя пытанні паміж самімі гэтымі прынцыпамі”.

Вось якраз на гэтых тэарэтычных і практычных пытаннях сыплецца ўсё. Якім чынам?

“Ліберал заўсёды задае два пытанні:

  • Хто і на якой падставе прымае рашэнне?

  • Хто за гэтае рашэнне плоціць?”


Гэтыя пытанні задае не толькі ліберал і якраз адказ на іх, а не яны самі, можа з’яўляцца індыкатарам светапогляду. Ліберал лічыць, што рашэнне прыймае індывід на падставе выгоднасці для сябе (у ягоным уласным разуменні) і сам за яго плоціць. Усё класна, але якраз далей пачынаюцца камяні спаткнення:

Дзе гарантыя таго, што рашэнне прынята самастойна?

Дзе гарантыя таго, што індывід правільна ацаніў наступствы прынятага рашэння?

З чаго вы вырашылі, што за прынятае вольна і самастойна рашэнне будзе плаціць толькі сам індывід?

Гэтыя пытанні як правіла выносяцца за дужкі, хоць ад адказу на іх залежыць значна больш, чым ад адказу на першасныя два.

Тым часам, насуперак безумоўна правільнаму сцьвярджэнню пра тое, што “найбольшую выгоду мае той, хто не спажывае што шалёны, а хто значную частку заробленага ашчаджае і ўкладае ў развіццё свайго ці іншага бізнэсу” ня меней за 80% насельніцтва як Беларусі, так і Эўропы жыве па прынцыпу “так робяць усе”. Спажывецкая гонка і рост крэдытнай запазычанасці хатніх гаспадарак гэта выдатна ілюструюць. У рэшце рэшт, колькі не размяжоўвай лібералізм і “сацыялістычную палітыку ў краінах Еўразвязу”, але за гэтую палітыку прагаласавала і працягвае галасаваць большасць эўрапейцаў па абсалютна ліберальных механізмах. Калі ў нас з выбарамі свая гісторыя, то там усё прыгожа і сумленна, але ж усё адно зкацілася ў сацыялізм. Вось яшчэ адзін вынесены за дужкі момант, улік якога сур’ёзна мяняе выніковую карціну.

Блакноты і рэпрэсіі.

Абвінавачанне ў фантазійным паходжанні “прынцыпу зялёнага блакноту” таксама ілюструе жаданне апанентаў вынесці цела за дужкі. Так, сп. Прэйгерман піша:

“Верагоднасць рацыянальнага выбару значна большая, калі блакнот прызнаецца зялёным на падставе таго, што 99% лічыць яго такім, чым калі ён прызнаецца чорным на падставе меркавання 1%”.

Тут два моманты: па-першае блакнот зялёны таму, што ён зялёны, а не таму, што яго такім лічыць нават 666% насельніцтва. Відавочна падмена паняццяў сп. Прэйгерманам. Па-другое, у нас неаднаразова была мажлівасць назіраць, як, прынцып дзейнічаў. Прыклад падказвае адзін з каментатараў: яшчэ 20 гадоў таму гомасэксуалізм лічыўся большасцю грамадства нечым агідным і непрыймальным – у 1996 годзе Білл Клінтан падпісаў Закон аб абароне сям’і, які наўпрост забараняў аднаполыя шлюбы. Цяпер яны дазволеныя нават у калісці каталіцкай Гішпаніі, не кажучы пра Галяндыю і добрую палову ЗША. Сутнасць прадмету (гомасэксуалізму) не змянілася ніяк, затое агрэсіўная прапаганда праз СМІ, “мастацтва” і ўсеагульную паліткарэктнасць сваю справу зрабілі. Нават сам Білл Клінтан патрабуе адмяніць вышэйназваны Закон! Атрымалася так, што крыклівая меньшасць навязвае сваю пазіцыю пасіўнай большасці. Вось вам і рацыянальны вольны выбар, за які плоціць выключна індывід. Было б смешна, калі б не было так сумна. Ізноў жа ж, народ галасуе на празрыстых і сумленных выбарах.

А паспрабуйце публічна заявіць у Эўропе, што масштабы Халакосту перабольшаныя, альбо, што фемінізм – гэта зло? І чарговы раз, можна вынесці за дужкі, адмежаваўшыся ад “сацыялізму”, але адмовіць той факт, што гэта падтрымана большасцю грамадства крайне праблематычна. Гітлер, між іншым таксама на выбарах перамог. Занадта шмат вынесенага за дужкі, каб верыць паліталагічнай сентэнцыі, што “Там, дзе сапраўдны лібералізм, у прынцыпе не можа быць таталітарызму”.

Не падабаецца маім апанентам і “рэпрэсіўны апарат дзяржавы”, некаторыя нават давыступаліся да таго, што любы закон і падатак – гэта ўжо гвалт над індывідам. Сп. Прэйгерман наіўна лічыць, што аднаго толькі разумення індывідам выгоднасці нармальных стасункаў з іншымі людзьмі дастаткова, каб пазьбегнуць анархіі. Гучыць прыгожа, калі вынесці за дужкі практычную рэалізацыю.

Я быў бы шчасьлівы жыць у грамадстве, дзе кожны ўпэўнены ў неабходнасці сябраваць з усімі, але гэта супярэчыць нават самім базавым прынцыпам лібералізму: калі індывід сам вырашае, што яму выгодна і што патрэбна, дзе гарантыя, што хтосці не вырашыць, што яму трэба абрабаваць дом сп. Прэйгермана? А калі такіх індывідаў будзе 10 і яны дамовяцца паміж сабой? Што ім супрацьпаставіць паважаны і глыбокаінтэлігантны сп. Яўген? Можна і гэта абазваць маёй фантазіяй, але ў любым РАУС вам прад’явяць нямерана прыкладаў. І гэта прытым, што цяпер “рэпрэсіўны апарат дзяржавы” у асобе міліцыі існуе. Толькі калі ласка ня трэба сцьвярджаць, што без міліцыі і злачынстваў не было б – зусім смешна будзе.

Другі прыклад – медыцына. Пры ўсёй разваленасці нашай сістэмы аховы здароўя, поўны зыход дзяржавы з гэтай сферы будзе мець самыя страшэнныя наступствы. Па-першае, прапрацуйце пытанне добраахвотнага мед.страхавання ў Беларусі. Попыт нямераны, а прапанова? У большасці кампаній вам прапануюць страхоўку ад няшчасных выпадкаў. Самыя лепшыя праграмы прадугледжваюць кампенсацыю ў выпадку абвастрэння хранічнага захворвання. То бок, прафілактыку і абследванні аплочвай сам як хочаш, а потым яшчэ даказвай, што ў цябе здарылася абвастрэнне. Заплаціць за такое шчасце прапаноўваецца болей, чым за гадавое поўнае прымацаванне да РКМЦ УСП (“лечкамісія”).

Само сабой, рэформа сферы неабходная, але пакажыце мне рэальны працуючы варыянт зусім без дзяржавы? Калі ўжо нават ЗША сутыкнуліся з гэтымі праблемамі, то што казаць?

У рэшце рэшт, хтосці павінен распрацоўваць прытомныя НПА і забяспечваць нармальнае функцыянаванне грамадскага механізму.

І гаворка тут ідзе не пра “цэнтралізаванае навязванне грамадству волі аднаго чалавека (ці, напрыклад, нейкага палітбюро альбо царквы)”, а пра наяўнасць у грамадстве здаровай іерархіі з падзелам сфер адказнасці.

Канцэпцыя традыцыйнага хрысціянскага (каталіцкага) грамадства не прадугледжвае рэгламентацыі кожнага кроку індывіда – яна правільна расстаўляе прыярытэты. Ёсць Бог, ёсць Яго наказы і вучэнне, якім павінны адпавядаць (прынамсі не супярэчыць) усе дзяржаўныя законы. Індывід на першы погляд знаходзіцца ўнізе гэтай піраміды, але калі прыгледзецца бліжэй бачна, што калі дзяржаўныя законы не супярэчаць вучэнню Хрыста, яны ніяк не могуць нанесці індывіду шкоду, але наадварот, абараняюць яго ад дэструктыву.

Перш, чым разважаць пра “кашу ў галаве” і абвінавачваць традыцыйнае хрысціянскае (каталіцкае) грамадства ў чымсці, лібералам варта было б хоцьбы разабрацца, што гэта такое, бо атрымоўваецца як у люстэрку: лямантуем, што нас не разумеюць і што апаненты не выходзяць за межы светапогляду, а самі робім тое самае.

Важнейшымі момантамі ў каталіцкім сацыяльным вучэнні з’яўляюцца адказнасць, пачуццё абавязку і самаахвярнасць. Годнасць чалавека складаецца не толькі з правоў (на якіх акцэнтуюць увагу лібералы), але і з абавязкаў і адказнасці.

Выкананне абавязкаў і нясенне адказнасці ў т.л. за грэх – гэта не прымус і не зьнявага індывіда, але шляхі да дасканаласці.

Дом на камяні ці на пяску?

Апошні тэзіс мінулага раздзелу лепш за ўсё паказваецца якраз на прыкладзе сям’і.

Крыху маніякальная ўпэўненасць сп. Яўгена ў тым, што “індывіду зусім не патрэбны нейкі знешні прымус, каб зразумець свой інтарэс у шчаслівым сямейным жыцці. Ні з боку царквы, ні з боку дзяржавы, ні з боку традыцый, ні нават з боку нацыянал-кансэрватараў” разьбіваецца аб усё той жа ж самы суб’ектывізм: а што ёсць шчаслівае сямейнае жыццё, як яго рэальна будаваць?

Ліберал нас адправіць ізноў да індывіда і на першым этапе будзе мець рацыю. Сапраўды, ніхто не дасць азначэння, справядлівага для ўсіх. Але паглядзім на базавыя прынцыпы пабудовы сям’і з пункту гледжання каталіцкага традыцыяналізму і лібералізму.

Касцёл сыходзіць з таго, што шлюб з’яўляецца неразрыўным, а ў сям’і існуе наступная іерархія: жонка падпарадкоўваецца мужу, а муж Богу. Пры такім варыянце сям’я будуецца на “камяні”: выбар партнэра ажыццяўляецца максімальна сур’ёзна, пасля шлюбу існуе эфектыўны механізм вырашэння супярэчнасцяў, сям’я будуецца не на канкурэнцыі, а на ўзаемадапаўненні.

Лібералізм сыходзіць з роўнасці сужэнцаў і мажлівасці разводу. Сп. Прэйгерман рашуча адстойвае гэтыя прынцыпы: “ёсць шмат выпадкаў, калі людзі ў нейкі момант разумеюць, што ажаніліся не з тым чалавекам” і інш. То бок, у любы момант, вы можаце вырашыць, што жонка вам надакучыла і разьвесціся з ёй. А з улікам таго, што вы самі расстаўляеце свае прыярытэты, падставай для разрыву можа служыць усё, што заўгодна. Да таго ж, міф аб роўнасці сужэнцаў вядзе да канкурэнцыі паміж імі. Гэта актыўна падпітваецца фемінізмам і, відавочна ніяк не спрыяе ўмацаванню адносінаў і еднасці паміж сужэнцамі. Усе гэтыя моманты разам, замяшаныя на чалавечым эгаізме, якраз і з’яўляюцца прычынай наяўнасці хранічна хворых шлюбаў і разводаў, колькасць якіх ужо даўно перакрочыла за 80% і у нас, і на Захадзе.

Калі чалавек успрыймае абавязак і адказнасць не як прымус і абмежаванне, а як частку сваёй годнасці, гэта зьнішчае абсалютную большасць глыбінных праблемаў сям’і як інстытута. Тое самае экстрапалюецца і на дзяржаву і на грамадства ў цэлым.

Безумоўна, добрыя і кепскія сем’і ёсць у любым грамадстве, але калі у традыцыйным варыянце хворасць сям’і ўзьнікае ад невыканання названых базавых прынцыпаў, то ў ліберальным варыянце, якраз дзякуючы ім.

Жалезныя міскі і дарожныя знакі.

Для таго, каб не ператвараць нашую дыскусію ў разважанні пра “жалезныя міскі з рысам” (гл. каментары да мінулага артыкула) неабходна абазначыць некалькі прынцыповых высноў.

1. Нельга блытаць давядзенне мэтавых паказчыкаў дзяржпрадпрыемтсвам і вышэйназваныя базавыя нормы традыцыйнага грамадства. Як было ўжо адзначана, у апошнім выпадку ніхто не рэгламентуе кожны крок індывіда, але існуюць своеасаблівыя “дарожныя знакі”. Вы можаце ехаць павольна, хутка, управа, улева – гэта вашая воля. Але будзьце ласкавы не перавышаць хуткасць, прапускаць пешаходаў і спыняцца на светлафорах. За парушэнні – санкцыі, дзяржава забяспечвае іх рэалізацыю. Так, гэта ў некаторай ступені вас абмяжоўвае, але гэта абараняе і вас і іншых удзельнікаў дарожнага руху ад ДТЗ. Прынцыповае адрозьненне ад ліберальнай мадэлі ў тым, што ніводзін індывід не можа памяняць правілы і дарожныя знакі пад сябе – існуе вышэйшы аўтарытэт.

2. Як вынікае з пункта 1, дзяржава выступае ў ролі незалежнага арбітра паміж індывідамі, прыймаючы законы ў адпаведнасці з Божымі наказамі і хрысціянскім вучэннем. То бок, закон, які супярэчыць Божаму наказу і хрысціянскаму вучэнню не можа быць нават вынесены на абмеркаванне, не тое, што прыняты, незалежна ад колькасці жадаючых яго прыняць. У астатніх выпадках дзейнічае звычайны парадак праватворчасці.

Пры гэтым, дзяржаве не варта выконваць функцыі аператыўнага кіравання прадпрыемствамі, захаваўшы за сабой функцыі праватворчасці і кантролю ў вышэйазначаных межах. Адпаведным чынам, неабходзен “рэпрэсіўны апарат” для падтрымання правапарадку.

3. За дзяржавай павінны захоўвацца функцыі стратэгічнага планавання ў эканамічнай сферы. Пры адсутнасці функцыі аператыўнага кіравання прадпрыемствамі і наяўнасці празрыстага грамадзянскага кантролю, такое планаванне не будзе ператварацца ў адстойванне шкурных інтарэсаў дзяржсектара. Пры гэтым заўсёды існуе неабходнасць фармавання кансалідаванага навукова абгрунтаванага бачання шляхоў і перспектыў далейшага развіцця, хоць бы па той прычыне, што рынкавая абстаноўка далёка не заўсёды складаецца на нашую карысць. Досьвед Сінгапура на гэтую тэму болей, чым паказальны.

4. Нацыянал-кансэрватызм не мае нічога супраць свабоды як такой, але падкрэсьлівае, што свабода – гэта не самамэта, але сродак рабіць дабро. Калі ж чалавек робіць зло, ён не толькі шкодзіць іншым, але і робіцца залежным ад сваіх дрэнных схільнасцяў. Паленне, наркаманія і полавая разбэшчанасць як прыклады.

5. Дзеля таго, каб “зразумець, хаця б у агульных рысах, уяўленні і светапогляд апанента”, трэба чытаць (!!!) тое, што ён напісаў. Калі шэсць абзацаў з падрабязным схематычным тлумачэннем наступстваў рэлятывісцкага суб’ектывізму не даюць адказу на пытанне “якім чынам індывідуальныя свабоды чалавека вядуць да таталітарызму”, альбо калі разбор філязофска-аксіялагічнага ядра лібералізму называецца прыдумваннем “жахлівага вобразу лібералізму”, пры тым, што праз усе артыкулы і каменты удзельнікаў дыскусіі гэты самы рэлятывісцкі суб’ектывізм праходзіць чырвонай ніткай, то дыскусія сапраўды хутка згубіць сэнс.