Яўген Прэйгерман


Апублікавана ў “Народнай газеце” 


Меркаванні аб тым, што галоўныя міжнародныя інстытуты па падтрымцы міру і бяспекі ў свеце не выконваюць сваю функцыю, гучаць ужо даволі даўно. Гаворка, перш за ўсё, пра Арганізацыю Аб’яднаных Нацый (ААН) як глабальнага іграка і Арганізацыю па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе (АБСЕ) — як рэгіянальнага. 


Падзеі апошніх гадоў сапраўды сведчаць аб глыбокім крызісе ўсёй сістэмы міжнароднай бяспекі, цэнтральнымі элементамі якой і з’яўляюцца ААН і АБСЕ. Амаль з кожным новым рэгіянальным канфліктам гэта становіцца ўсё больш відавочна: украінскі крызіс стаў, на жаль, яскравым адлюстраваннем.


Асабліва добра гэта бачна на прыкладзе ААН, больш дакладна — Савета Бяспекі ААН. Гэта галоўны орган па падтрымцы міру ва ўсім свеце. Ён, як і сама ААН, быў створаны пасля Другой сусветнай вайны і базіруецца на прынцыпе кансэнсусу паміж так званымі вялікімі дзяржавамі. Іншымі словамі, сталыя члены Савета Бяспекі — Вялікабрытанія, ЗША, Кітай, Расія і Францыя — маюць права вета на ўсе рашэнні, якія тычацца бяспекі ў свеце.


І праблема ў тым, што такі склад Савета Бяспекі адлюстроўваў расклад сіл у сусветнай палітыцы ў сярэдзіне ХХ стагоддзя і з таго часу не мяняўся. Свет тым часам за апошнія стагоддзі змяніўся вельмі сур’ёзна: з’явіліся новыя краіны і недзяржаўныя акцёры, што прэтэндуюць на статус “вялікіх дзяржаў”, рэгіянальных лідараў ці проста ўплываюць на палітычныя і эканамічныя працэсы. Больш за тое, пазіцыі, прыярытэты і магчымасці сталых членаў Савета Бяспекі таксама заўважна змяніліся.


Нешта падобнае можна сказаць і пра АБСЕ. Гэта арганізацыя ўжо не адлюстроўвае палітычнага кансэнсусу паміж рознымі часткамі еўрапейскага кантынента.


І галоўная складанасць ў тым, што цяжка ўявіць, як ў сённяшніх умовах можна рэфармаваць узгаданыя арганізацыі. Бо гэта міжурадавыя інстытуты, і іх рэфармаванне можа адбыцца толькі тады, калі ўсе краіны пагодзяцца на нейкі новы кансэнсус у міжнародных адносінах. А пакуль такі кансэнсус нават не вымалёўваецца.


Такім чынам, у гэтым стане рэчаў вінаватыя не самі ААН ці АБСЕ, а сістэма міжнародных адносін, бо яе інстытуты ўвайшлі ў відавочны канфлікт з рэальным раскладам геапалітычных і эканамічных сіл на нашай планеце. Сёння сістэма міжнароднай бяспекі, якая склалася пасля развалу савецкага блоку і ўсталявання фактычна аднапалярнага свету, перастае выконваць свае базавыя функцыі. Але ж новая збалансаваная сістэма пакуль не фарміруецца.


З гісторыі мы ведаем, што звычайна карэнныя змены сістэм міжнародных адносін адбываліся пасля нейкіх маштабных і сур’ёзных крызісаў. Найперш войнаў. Пасля тупікоў, у якія нацыі прыводзілі вялікія войны, іх лідары садзіліся за перамоўны стол і выпрацоўвалі новыя правілы паводзін паміж краінамі. Гэтыя правілы складалі аснову новай сістэмы міжнародных адносін і трывалі да таго часу, пакуль не парушаўся расклад сіл паміж дзяржавамі, што прыводзіла да новых войнаў і новых перамоў пасля іх.


Такі гістарычны досвед падказвае, што і ў сучасных умовах трансфармацыя сістэм бяспекі і міжнароднай палітыкі можа прайсці праз ваеннае сутыкненне галоўных глабальных і рэгіянальных ігракоў. Некаторыя аналітыкі ўжо даўно кажуць пра эскалацыю геапалітычнага напружання і чакаюць, што сённяшнія гарачыя канфлікты будуць разрастацца і памнажацца. На жаль, шмат што сапраўды ўказвае на верагоднасць такога сцэнарыя.


У той жа час пасля стагоддзяў жудасных войнаў, калі яшчэ даволі свежая рана Другой сусветнай вайны, хочацца спадзявацца, што чалавецтва зможа пазбегнуць новай катастрофы. Тым больш што ўзровень глабалізацыі зрабіў народы свету больш блізкімі, узаемазалежнымі і інфармаванымі. Не кажучы ўжо пра тое, што сучасны тэхнічны ўзровень непазбежна падымае пытанне выжывання чалавецтва ў выпадку вялікай ядзернай вайны. І гэта ўсе добра разумеюць.


Таму, канешне, неабходна працаваць над тым, каб новая сістэма міжнародных адносін сфармавалася мірным шляхам. Іншая справа, што хутка гэта здарыцца не можа. І проста пасадзіць кіраўнікоў краін за вялікі круглы стол — недастаткова, бо супярэчнасці паміж імі надзвычай вялікія, а існуючае напружанне пакуль яшчэ шмат каму падаецца кантраляваным. Гэта значыць, што і ААН з АБСЕ чакаюць яшчэ доўгія і сур’ёзныя выпрабаванні. Без новай паўнавартаснай сістэмы міжнародных адносін гэтыя ці іншыя арганізацыі не могуць быць эфектыўнымі гарантамі міру і бяспекі.