Вадзім Мажэйка


Апублікавана ў “Белгазеце”


Міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў заявіў, што хоча значна падвысіць колькасць замежных студэнтаў у Беларусі. Патэнцыйнымі крыніцамі абітурыентаў ён назваў Казахстан, Кыргызстан, Пакістан і г.д. Чаму міністр сёння апекаваўся гэтай тэмай і ці атрымаецца дасягнуць заяўленых мэтаў? Колькі Беларусі карысці ад іншаземных студэнтаў, а колькі - шкоды? 


Дзяржпраграма ды эканоміка падштурхоўваюць


Неабходнасць навучаць усё болей замежнікаў закладзена ў паказніках дзяржпраграмы: за апошнія 5 год трэба было патроіць іх колькасць у беларускіх ВНУ. Дарэчы, сумнеўна, ці хопіць у міністэрства пораху, каб за невялікі час так значна палепшыць паказчыкі. А крыніцай такой цікаўнасці дзяржавы да замежных студэнтаў з’яўляецца банальны эканамічны чыннік. Краіна патрабуе цвёрдай валюты, якую прывозяць сюды менавіта замежныя студэнты.


Прычым кошты для іх значна вышэйшыя, чым для мясцовых. Напрыклад, у БДЭУ (наргасе) беларускія грамадзяне плацяць ад Br14млн. да Br19,5 млн., то бо ад $800 до $1100. А вось для замежных грамадзян цэннік $2800-3000. За такія грошы іншаземцам ствараюць розныя фармальныя і нефармальныя прэферэнцыі: напрыклад, першачаргова даюць месцы ў інтэрнатах, на сэсіях фактычна прад’яўляюць меншыя патрабаванні.


Калі глядзець шырэй, то гэткае прыцягненне грошай - агульная мэта ўсёй беларускай адукацыйнай палітыкі, у тым ліку - далучэння Беларусі да Балонскага працэсу. Сакрэт палішынэля: Беларусь у еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі цікавяць не акадэмічныя вольнасці ды абарона правоў студэнтаў, а магчымасць зацікавіць патэнцыйных абітурыентаў з далёкіх краінаў агульнаеўрапейскімі дыпломамі.


Рыхтуем няякасных спецыялістаў, парушаючы правы выкладчыкаў і студэнтаў


Зрэшты, логіка дзяржпраграмы - і, адпаведна, прапаноў міністра Жураўкова - выклікае вялікія сумневы. Фактычна адзіным прыярытэтам робіцца эканамічны чыннік, прычым выключна ў кароткатэрміновай перспектыве.


У выніку атрымліваем масавае прыцягненне ў Беларусь студэнтаў-замежнікаў, прычым з арыентацыяй на колькасць, а не на якасць (у дзяржпраграме жа не патрабуюцца іх грунтоўныя веды, толькі хай іх будзе болей у тры разы). Але ж ад гэтага ўзнікае процьма пытанняў.


Часцяком такія студэнты банальна не валодаюць у неабходнай ступені мовай навучання - а гэта у нас амаль заўсёды расейская, англамоўных курсаў замежнікам у Беларусі не адшукаць. Між тым, самыя папулярныя для трансгранічнага навучання ва ўсім свеце - англамоўныя праграмы.


Але ж англійская мова - далёка не апошні недахоп беларускай адукацыйнай сістэмы. Нашым універсітэтам бракуе аўтаноміі, акадэмічных вольнасцяў, абароны правоў выкладчыкаў і студэнтаў. У сувязі з замежнымі студэнтамі ўсё гэта толькі памнажаецца. Дзяржава цісне на адміністрацыю ВНУ, каб тыя прыцягвалі больш замежнікаў, а адміністрацыя цісне на выкладчыкаў: толькі паспрабуйце адлічаць кітайцаў альбо туркмен, яны нам грошы нясуць! Парушаюцца правы выкладчыкаў, а за імі і студэнтаў: чаму да беларусаў на экзаменах патрабаванні вышэйшыя за іншаземцаў? Ды і ў інтэрнат цалкам афіцыйна замежнікаў засяляюць прэферэнцыйна, а  хлопец з беларускага горада ідзе здымаць кватэру за сотню-другую даляраў.


У выніку такой актыўнасці пакрысе па свеце будуць раз’язджацца кітайцы, кіргізы і іншыя, хто атрымаў беларускі дыплом без адпаведных грунтоўных ведаў ды навыкаў. Улічваючы, што пакуль пра беларускія ўніверсітэты ў свеце амаль ніхто не ведае, будзе лёгка стварыць дрэнны імідж: з беларускім дыпломам - то некваліфікаваны спецыяліст, дрэнны працаўнік. Вядома, гэта пытанне не аднаго года. Аднак жа выпраўляць сапсаваную рэпутацыю потым прыйдзецца яшчэ марудней.


Туркмены і кіргізы,а не еўрапейцы: аўдыторыя беларускіх ВНУ


Дарэчы, калі паглядзець на дасягненні беларускіх універсітэтаў па прыцягненні замежнікаў, то можна пабачыць, дзе каціруецца беларуская мадэль вышэйшай адукацыі. Так, па апошніх дадзеных (на 2013г.) у Беларусі навучалася больш за ўсё грамадзянаў Туркменістана (58,2%), Расіі (11,7%), Кітая (10,3%), Нігерыі (2,5%), Ірана (1,9%) і інш.


Чаму тут няма заходніх студэнтаў з перадавых краін? Вядома, іх не асабліва вабіць якасць беларускай адукацыі, ды і англамоўных курсаў тут не выкладаюць. Ёсць і іншая мясцовая спецыфіка, якую будзе складана зразумець студэнтам з Заходняй Еўропы ці ЗША. Напрыклад, выкладанне ва ўніверсітэтах абавязковых курсаў па ідэалогіі беларускай дзяржавы, «дабраахвотна-прымусовы» удзел студэнтаў у гаспадарчых працах, на будоўлях альбо ў панылых спартова-культурных мерапрыемствах. Наўрад ці гэта можа выглядаць для некага прывабным чыннікам. Да гэткіх падыходаў звыклыя хіба што туркмены ды тыя кіргізы, якіх плануе клікаць у Беларусь на навучанне Міхаіл Жураўкоў.


Добрым ідэям патрэбныя рэформы


Дзеля справядлівасці варта зазначыць, што сама ідэя па прыцягненні ў Беларусь замежных студэнтаў вельмі добрая. Яны прывязуць нам не толькі грошы, але ж і досвед студэнцкіх вольнасцяў, моладзевага актывізму, наогул больш шырокага погляду на свет. Дадаць гэтага беларускаму студэнцтву было б карысна. Але для прытоку іншаземных студэнтаў патрэбныя сістэмныя рэформы. А з гэтым у Мінадукацыі (і дзяржавы наогул) ўсё вельмі складана.