Вадзім Мажэйка


Апублікавана ў "Белгазета"


Завяршыўся чарговы, ужо 24-й «Славянскі базар у Віцебску». З кожным разам галоўны ў Беларусі фестываль усё больш нагадвае не «летнюю культурную Алімпіяду», як яго характарызаваў у 2012г. прэзідэнт, а панылую копію самога сябе мінулых і пазамінулых гадоў.


Між тым еўрапейскія фестывалі - накшталт брытанскага «Гластонберы» ды вугорскага «Сігет» - маюць не меншую гісторыю, але ж з гадамі не ператвараюцца ў свае муміі, а застаюцца актуальнымі. Чаго ж не хапает «Славянке» для поспеха ды сучаснасці? 


«Гэта не сусветны ўзровень»


Жорсткую характарыстыку віцебскі фестываль заслужыў у 2014г. не ад якіх-небудзь падазроных незалежных экспертаў, а ад кіраўніка дзяржавы. «У нас што, няма экспертаў, якія скажуць - не, не пойдзе, гэта не сусветны ўзровень?», - абураўся гэты сталы яго наведнік. Па сутнасці тут можна як раз згадзіцца, як і з іншымі прэтэнзіямі Лукашэнкі (няма цэласнай канцэпцыі фестываля, зашмат выступаў пад фанаграму). Аднак галоўнае пытанне выклікае сам факт таго, што кіраўнік дзяржавы вучыць арт-менеджараў арганізоўваць фэст, а музыкаў - спяваць. Цяжка ўявіць, каб нават адыёзны вугорскі прэм’ер-міністр Віктар Орбан прыходзіў на «Сігет» і даваў такія парады.


Вядома, пытанне не ў канкрэтных выказваннях канкрэтнай асобы, а шырэй. У такой справе, як арганізацыя актуальнага мастацкага фэста, вельмі выразна выяўляюцца ўсе хібы сістэмы дзяржкіравання (зрэшты, далёка не толькі беларускай): марудлівасць, непаваротлівасць, слабая сувязь з сучаснымі тэндэнцыямі, забюкратызаванасць. Без сумневу, дзяржаўнай установе «Цэнтр культуры «Віцебск» хапае кваліфікацыі і досведу (апошняга мо нават і зашмат), але складана ўявіць, як дзяржаўная установа - тым больш у нашых умовах - можа наогул зрабіць фестываль, пра які тыя самыя эксперты змогуць сказаць «гэта сусветны ўзровень».


Сучасны арт-менеджмэнт - гэта ўсё ж прэрагатыва прыватных інстытуцый. Нават Францыя, вядомая сваім актыўным умяшальніцтвам у культурнае жыццё, і тое лічыць за лепшае падключаць да сваіх праектаў прыватныя мастацкія агенцыі.


«Вы альбо крыжык здыміце, альбо парткі нацягніце»


З дзяржаўнага ўдзелу ў «Славянке» вынікае і наступная праблема - у фестываля трывала кульгае яго канцэпцыя. З аднаго боку, з назвы фестываля і адпаведных гучных заяваў вынікае, што «Славянскі базар» - гэта пра еднасць славянскіх народаў, дзяржаўнасць, сяброўскія сувязі на вышэйшым палітычным узроўні і г.д. Асобная гаворка - наколькі гэта актуальна ды бяспечна пасля канфлікту ва Ўкраіне. Але ж праблема ў тым, што сутнасць «Славянкі» робіцца часцяком занадта палітычнай. Напрыклад, у гэтым годзе ў конкурсе перамог Дімаш Кудайберген з Казахстана, а ўзначаліў журы (і таксама не застаўся без узнагарод) азербайджанец Полад Бюльбюль-оглы. Цудоўныя мастакі цудоўных народаў, але ж пры чым тут славянства, прабачце? З гэтай жа оперы - і ўдзел у «Славянке» Венесуэлы ды іншых краін Паўдневай Амерыкі.


Яшчэ адзін бок гэтай праблемы - шматгадовы удзел у фестывалі сумнеўных з мастацкага пункту гледжання папсовых расейскіх артыстаў ды «шоў зорак шансону». Так, дырэктар «Славянскага базару» Аляксандр Сідарэнка казаў з эканамічнага пункту гледжання слушна: «Мы запрашаем тых, каго любяць і чакаюць». Але ж, прабачце, як суадносяцца блатныя спевы ды дзяржаўная ўвага і бюджэтнае фінансаванне (нават пры існаванні спонсарскай падтрымкі, унёсак беларускай дзяржавы ў фінансаванне «Славянкі» складае каля мільёна даляраў)? Не складана знайсці тыя напрамкі беларускай культуры, якія відавочна было б фінансаваць карэктней, чым шансон ды Філіпа Кіркорава. Сумяшчаць на адным фестывалі выступ кіраўніка дзяржавы і на заўтра шоў зорак шансону - тут, як кажуць, «вы альбо крыжык здыміце, альбо парткі нацягніце».


Альбо прыватызацыя, альбо аўтсорс


Такім чынам, калі мы хочам нейкага станоўчага развіцця «Славянкі», а не тое што сусветнага ўзроўня, то пачынаць трэба з класікі арт-менеджмэнта - вызначэння канцэпцыі фестываля. Робім камерцыйны прадукт, ды каб «звычайным працаўнікам» падабалася? Цудоўна, і такія фэсты патрэбныя. Прыватызуем «Цэнтр культуры «Віцебск», прыбіраем дзяржпадтрымку (як грошы, так і спонсараў «па разнарадцы») і хай «Славянскі базар» жыве як хоча. Патрэбна дзяржаўнае «свята мастацтваў»? Нас чакае празрысты тэндэр, дзе прыватныя мастацкія агенцыі прапануюць беларускія культурныя канцэпцыі (відавочна, без шансону з Расеі).


А без гэткіх рэформаў і трыццаць чацвёртая «Славянка» нічым не будзе адрознівацца ад панылай сучаснасці.