Яўген Прэйгерман

Вельмі прыемна было пабачыць на нашым сайце блогавы запіс Андрэя Старжынскага, у якім ён дае адказ на мой нядаўні артыкул «Все гораздо сложнее, чем кажется либералам!» как центральный аргумент против идей свободы».

У нашай краіне якраз і недастае ідэалагічных дыскусій. Неяк так сталася, што ў нас адзін татальны постмадэрн: кожны як хоча, так і трактуе ўсялякія тэрміны і канцэпцыі. У выніку татальная каша ў галовах і нулявы ўзровень публічных дыскусій.

Адразу адзначаю, што дэталёва адказ на крытыку сп. Старжынскага я даю ў новым дыскусійным матэрыяле “Ліберальнага клуба”.

У гэтай жа блогавай нататцы я хацеў бы звярнуць увагу на адзін рамачны нюанс распачатай дыскусіі.

Безумоўна, мае рацыю Арцём Каратчэня, які ў каментары да запісу Андрэя Старжынскага кажа пра неабходнасць вызначыцца з паняткамі. Гэта апрыёрная патрэбнасць любой дыскусіі, без якой можна безвынікова дэбатаваць дзесяцігоддзямі і так ні да чаго не прыйсці.

Але ж мне падаецца, што праблема яшчэ больш шырокая. Трэба не проста вызначыцца з агульнымі фармулёўкамі, а зразумець, хаця б у агульных рысах, уяўленні і светапогляд апанента. Зразумець, што ён бачыць за рознымі з’явамі і паняткамі, як складае іх у суцэльную карціну свету. Інакш, мы таксама можам доўга яшчэ дыскутаваць у пустую.

Вось напрыклад.

Сп. Старжынскі ў сваіх развагах зыходзіць з нейкага абсалютна дзіўнага разумення індывіду. Для яго, відаць, гэта тварэнне, якое жыве ў катэгорях “мае інтарэсы несумяшчальныя з інтарэсамі іншых людзей, таму я буду на кожным кроку бескампрамісна біцца з усімі вакол; і больш нічога, акрамя гэтай бітвы, мяне у жыцці не цікавіць”. Прынамсі, з развагаў сп. Андрэя выглядае менавіта так.

Зыходзячы з такой трактоўкі, Андрэй і супрацьпастаўляе індывіда і сям’ю:

“Лібералізм, у сілу вышэйапісаных момантаў, знішчае падмурак сям’і як такой, паколькі вольны ад вышэйшых каштоўнасцяў і пачуцця абавязку індывід не мае ніводнай важкай прычыны для якогасці самаабмежавання і самаахвяравання на карысць іншага чалавека, народа, дзяржавы, Бога. Які ў-ва ўсім гэтым сэнс, калі мерай ісціны з’яўляецца менавіта індывід?”

Нават калі б чалавек сапраўды быў гэткім робатам, што запраграмаваны на знішчэнне інтарэсаў іншых дзеля забеспячэння сваіх, то хаця б з выключна прагматычных разлікаў яму было б патрэбна супрацоўнічаць з іншымі такімі робатамі, каб больш эфектыўна абараняць свае інтарэсы. І гэта ўжо важкая прычына для самаабмежавання і самаахвяравання. А менавіта сям’я з’яўляецца тым інстытутам, які найбольш пасуе для такога супрацоўніцтва і самаабмежавання.

Але ж такая трактоўка індывіду і яго інтарэсаў смешная, нават нейкая дзікая. Вось гэта якраз самая прымітыўная трактоўка, якая толькі можа быць.

Чалавек не робат і ён ні ў якім выпадку не запраграмаваны на штодзённы mortal combat за свае інтарэсы. Да таго, інтарэсы людзей у большасці выпадкаў абсалютна сумяшчальныя і нават агульныя.

Калі мы разважаем пра сям’ю, то што з’яўляецца галоўным інтарэсам любога нармальнага чалавека, які ўступіў у шлюб? Зразумела, галоўны інтарэс – гэта і ёсць сама сям’я. Яе дабрабыт, яе фізічны, маральны і матэрыальны стан. Таму што для чалавека ўласцівыя такія рэчы, як каханне, жаданне хатняй утульнасці і патрэба ў працягненні роду. Вось гэта і ёсць больш чым важкія прычыны для самаабмежавання і самаахвяравання ў сямейным жыцці.

І што самае важнае, індывіду зусім не патрэбны нейкі знешні прымус, каб зразумець свой інтарэс у шчаслівым сямейным жыцці. Ні з боку царквы, ні з боку дзяржавы, ні з боку традыцый, ні нават з боку нацыянал-кансэрватараў =).

Так, ёсць шмат выпадкаў, калі людзі ў нейкі момант разумеюць, што ажаніліся не з тым чалавекам. Таксама ёсць людзі, для якіх каханне не рэалізуецца праз інстытут сям’і, альбо якія не маюць патрэбу ў хатняй утульнасці ці працягненні роду. Такія людзі ніколі не будуць добрымі сем’янінамі. Нават у ідэальным для сп. Старжынскага грамадстве.

А ліберальнае грамадства якраз абараняе іншых ад такіх вось людзей. Калі індывіды маюць абсалютную свабоду для ўступленню ў шлюб і выхаду з яго, гэта мінімізуе верагоднасць хранічна хворых шлюбаў, у якіх звычайна пакутуюць дзеці.

Для мяне гэта відавочныя рэчы. А для сп. Андрэя, напэўна, не. Адсюль і не зразумелыя для нас абодвух развагі, якія не дадуць нам асабліва прасунуцца ў высвятленні ісціны.

Таму давайце разбірацца ў тэрмінах і, галоўнае, у светапоглядах адзін аднаго. У адваротным выпадку ўсё сапраўды ўвесь час будзе падавацца надзвычай складаным.

P.S. І карыстаючыся нагодай, хацеў бы шчыра павіншаваць сп. Андрэя і яго жонку сп. Вольгу з уступленнем у шлюб. Бясконцага вам шчасця і ўсепаглынаючай любві!!!