Праблема вызначэння, асэнсавання і канструявання нацыянальнай ідэнтычнасці застаецца адной з цэнтральных і актуальных праблемаў сучасных сацыяльных навук. Як зазначыў Зігмунд Баўман, ідэнтычнасць “становіцца прызмай, праз якую разглядаюцца, ацэньваюцца і вывучаюцца многія важныя рысы сучаснага жыцця”. Нягледзячы на вялікую колькасць навуковых прац, што раскрываюць феномен ідэнтычнасці, ланцужок пытанняў тэарэтычнага і прыкладнога характару выглядае бясконцым.

- Ідэнтычнасць – выключна сацыяльны канструкт ці адлюстраванне аб’ектыўных антрапалагічных адметнасцяў?
- Як суадносяцца індывідуальная і групавая самасвядомасці ў фармаванні нацыянальнай ідэнтычнасці?
- Якая роля розных крыніц самаідэнтыфікацыі ў беларускім кантэксце?
- Як уплываюць канфлікты з суседзямі на асаблівасці фарміравання беларускай ідэнтычнасці?
- Беларусь рэальная і ўяўляемая: якія галоўныя праблемы нацыянальнага будаўніцтва ў сучаснай Беларусі?
- Ідэалогія беларускай дзяржавы – мадэль гістарычнай памяці і канструявання ідэнтычнасці?
- Як выглядае беларуская ідэнтычнасць у вымярэнні розных пакаленняў?
- Як асноўныя культурныя траўмы Беларусі (Вялікая айчынная вайна, ЧАЭС, атрыманне незалежнасці) адбіліся на самаідэнтыфікацыі беларусаў?
- Ці існуе праблема выцісненай памяці ў альтэрнатыўнай гістарыяграфіі?

Філасофская дыскусія па гэтых і іншых пытаннях, звязаных з праблематыкай беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці, адбудзецца ў “Ліберальным клубе”. Галоўныя эксперты – філосаф-гуманіст Валянцін Акудовіч, гісторык і культурны антраполаг Павел Церашковіч, палітолаг Віталь Сіліцкі.

Мадэратар – старшыня “Таварыства беларускай мовы Віленскага краю” Юрась Юркевіч.

Праграма мерапрыемства
16.00-17.00
Сутыкненне канцэпцыяў: мадэраваная дыскусія паміж экспертамі

17.00-17.30
Прэзентацыя даследвання па беларускай ідэнтычнасці Беларускага інстытута стратэгічных даследванняў (BISS)

17.30-17.50
Кава-паўза

17.50-18.50
Агульная дыскусія

Па ўсіх пытаннях арганізацыі і ўдзелу ў мерапрыемстве звяртайцеся да Аляксандра Апейкіна (+375 29 2552362) і Яўгена Прэйгермана (+375 29 5168505).