3 сакавіка 2011 года ў канферэнц-залі гатэля “Еўропа” адбылася афіцыйная прэс-канференцыя, прысвечаная пачатку вялікай еўрапейскай культурнай кампаніі “Адкрывай Беларусь – Адкрывай Еўропу”. Кампанія з’яўляецца сумеснай для Беларусі і 5-ці краін Еўрапейскага саюза – Германіі, Літвы, Эстоніі, Швецыі і Партугаліі і скіравана на развіццё супрацоўніцтва паміж арт-коламі Беларусі і Еўрапейскага саюза, стварэнне адзінай еўрапейскай творчай прасторы,  дзе ўсе ахвотныя змогуць свабодна знаёміцца з сучаснай культурай і мастацтвам ўсіх еўрапейскіх краін.

Кампанія распачынаецца як адказ на выклік сітуацыі, пры якой творчыя кантакты паміж арт-коламі Еўрасаюза і Беларусі зведзеныя да мінімуму памежнымі і візавымі бар'ерамі, што не спрыяе культурнаму развіццю і разнастайнасці як у Беларусі, так і ва ўсім еўрапейскім рэгіёне.



Падчас двухгадовай кампаніі сучасную культуру Беларусі і 5-ці ўзгаданых еўпарейскіх краін прадставяць каля 70 музыкаў, мастакоў і фатографаў на канцэртах, выставах і майстар-класах у Дрэздэне, Вільні, Лісабоне, Тарту, Стакгольме, Мінску, Нясвіжы, Полацку, Бабруйску, Рэчыцы і Пінску.
 Мэтамі кампаніі з'яўляюцца:

• Прасоўванне міжкультурнага дыялогу паміж Беларуссю і еўрапейскімі краінамі: Германіяй, Літвой, Партугаліяй, Швецыяй і Эстоніяй.
• Падтрымка свабоднага перамяшчэння артыстаў і іх твораў паміж Беларуссю і краінамі ЕС.
• Умацаванне асабістых кантактаў паміж беларускімі і еўрапейскімі музыкамі, мастакамі і фатографамі для наладжвання іх далейшага супрацоўніцтва і рэалізацыі сумесных творчых ініцыятываў.
• Павышэнне важнасці праблемы культурнай разнастайнасці ў грамадскай свядомасці беларусаў і жыхароў ЕС.
• Падтрымка новага пакалення беларускіх музыкаў, мастакоў і фатографаў.

Падчас афіцыйнай прэс-канференцыі журналістам і ўдзельнікам былі падрабязна прадстаўлены тры этапы кампаніі, умовы адбору ўдзельнікаў кампаніі, каманда арганізатараў і іншыя дэталі.